У Красным на месцы былой царквы ўсталююць крыж



Жыхары мястэчка Краснае, што пад Гомелем, усталююць крыж на месцы царквы, зруйнаванай у гады антырэлігійнай кампаніі 1930-х гадоў.

Неўзабаве, дзякуючы высілкам грамадзянаў, на занядбанай пустцы з’явіцца пляцоўка, клумба і высокі драўляны крыж. Ініцыятар акцыі Уладзімір Котаў заўважае, што для жыхароў Краснага вельмі важна адчуваць пераемнасць з продкамі.

– Трэба ўсё ж гісторыю сваё вёскі, сваёй сям’і крыху глыбей ведаць і паважаць. Па-першае, гэта самая старэйшая вуліца, якая называлася Старка. Я бы хацеў каб тут нейкую альтанку паставіць. Магчыма з часам трэба было б там і нейкую каплічку пабудаваць. Гэта было б вартае гэтага месца, таму што гэта тое месца, дзе так шмат службаў і малітваў было прачытана.

Першая згадка пра царкву ў Красным датуецца 1779 годам. У той момант да прыходу адносілася больш за 2 тысячы чалавек. У 1933 годзе камуністычныя ўлады пачалі дэмантаж царквы, які завяршыўся ў 1941 годзе.

Беларускае Радыё Рацыя