У „Кубку Свабоды” ўзялі ўдзел 12 каманд



У Менску прайшоў 18-ы турнір па футболе „Кубак Свабоды” памяці беларускага палітыка Генадзя Карпенкі. У турніры прымалі ўдзел 12 каманд. Па выніках лёсавання яны былі размеркаваны на чатыры групы.

02_kybok

Як адзначыў кіраўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, у гэтым годзе у спаборніцтвах прыняло ўдзел больш каманд:

– На гэты раз Кубак больш прадстаўнічы, чатыры новыя каманды: газета “Наша Ніва”, “Белсат”, “Маладая Беларусь” і “Маладыя дэмакраты” – гэта чатыры дэбютанты “Кубка Свабоды” імя Генадзя Карпенкі. У гэтым адметнасць, гэта азначае, што кубак больш прыемна будзе трымаць у руках. Я заўважыў чалавек шэсць у цывільным, яны здымаюць, можа слухаюць ці будуць гучаць палітычныя лозунгі падчас гульні. Тым не менш цікавасць з боку праваахоўных органаў ёсць, я нават сам чуў, як па тэлефоне ішла справаздача, прозвішчы гучалі: “Лябедзька тут, каля ста ўдзельнікаў”, але не перашкаджалі.

У фінале Беларуская сацыял-дэмакратычная партыі (Грамада) выйграла ў леташняга чэмпіёна – каманды БАЖ. Трэцяе месца заняў „Беларускі рух”.

„Перамогу прысвячаем ўсім, хто ўжо 18 гадоў гуляў у гэтым турніры, але, у першую чаргу, Генадзю Карпенку, у памяць пра якога  і сабраліся. Не быў з ім знаёмы асабіста, але шчыра жадаю, каб памяць пра яго жыла, таму што ён быў вельмі моцным і паважаным чалавекам”, – сказаў былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў, намеснік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Валерый Фралоў.

Прадстаўнік „Народнае грамады” Сяргей Скрабец адзначыў, што перамога сацыял-дэмакратаў прысвячаецца „мужным палітыкам, праваабаронцам, грамадзянскім актывістам, журналістам, пісьменнікам і паэтам, якія не баяцца адстойваць грамадзянскія правы і свабоды ў нашай краіне”.

Турнір „Кубак Свабоды” праводзіцца з 1997 года. Спаборніцтвы былі прымеркаваны да прыняцця Дэкларацыі аб суверэнітэце Рэспублікі Беларусь, і ў іх актыўна ўдзельнічаў Генадзь Карпенка. Пасля смерці палітыка турнір назвалі яго імем.

[Not a valid template]

Паводле БелаПАН