У Курапатах прайшла чарговая талака



У мемарыяле ахвярам сталінскіх рэпрэсій Курапаты прайшла талака. Актывісты грамадскай ініцыятывы «Эксперты ў абарону Курапатаў, Кансерватыўна Хрысціянскай партыі БНФ, Маладога Фронту, жыхары бліжэйшых дамоў, усяго каля 30 чалавек, прыбіралі тэрыторыю, садзілі кветкі.

Па словах сакратара управы Кансерватыўна-Хрысціянскай партыі БНФ і кіраўніка грамадскай дырэкцыі народнага мемарыялу Курапаты Алеся Чахольскага, наперадзе яшчэ шмат працы:

Тут адбываецца талака, сабралася вельмі шмат людзей, прыйшлі мясцовыя жыхары з суседніх дамоў, якія разам адстойвалі той кавалак зямлі ад пабудовы бізнес-цэнтра. Яны дарэчы актыўны удзел прымаюць цяпер у талаках, далучаюцца. Хтосьці садзіць кветкі, хтосьці галлё прыбірае. Таму, як кажуць, працэс ідзе, народны мемарыял створаны, разбудоўваецца, людзі працуюць і робяць нашу агульную беларускую справу. Будуць усталёўвацца новыя крыжы, ідзе збор ахвяраванняў, будзе мяняцца крыжовы перыметр. На палову грошы ўжо фактычна сабраныя, зараз будзе запускацца вытворчасць. Таму, усё рухаецца наперад.

Мяне завуць Вольга.

РР: Вы тут дзясяткі гадоў каля гэтага месца жылі?

Мы тут вельмі даўно жывём, з таго часу калі тут яшчэ толькі-толькі адкрыліся пахаванні. Мне вельмі шкада, што так мала людзей увогуле цікавяцца гэтым месцам, бо, як толькі забудзецца зусім, вы ж бачыце, што цяпер робіцца ў краіне: гэтыя беспадстаўныя рэпрэсіі. Гэта ўсё ж палохае і прыгадвае трыццаць сёмы год, як бы жахліва гэта не гучала. Мне за сябе можа і не страшна, але я турбуюся за сваіх дзяцей, за сваіх сябровак, якім жыць у гэтым жаху, не маючы права выказаць свайго меркавання. Гэта таксама няправільна. Шчыра кажучы, для таго, каб адкрыта выйсці на Плошчу трэба таксама мець мужнасць, але дапамагаць руху можна і такім чынам, прыходзячы сюды, напрыклад, ці аказваць дапамогу зняволеным, што цяпер знаходзяцца ў СІЗА КДБ. Хаця б так.

Актывіст ініцыятывы «Эксперты ў абарону Курапатаў» Марат Гаравы:

Мы пазначылі створ варотаў, які быў у плоце, што агароджваў расстрэльны палігон. Гэта мы ўмоўна пазначылі, бо хоць і ведаем прыкладнае месца, дакладна можна сказаць толькі пасля правядзення археалагічных даследаванняў. Але мы паставілі прыкладныя месцы для таго, каб і экскурсаводы і экскурсанты маглі як бы вызначыцца, дзе былі тыя вароты. Апроч таго мы пазначылі кветнікамі два пахаванні. Адно — гэта тое, у якім знаходзяцца трое ахвяр, чые імёны і прозвішчы ідэнтыфікаваныя. Гэта людзі, забітыя летам – ранняй восенню 1940 года, былыя вязні Гарадзенскага астрогу. У заходняй частцы Курапатаў мы пазначылі месца, дзе было знойдзена не меней за 373 ахвяры і на сённяшні дзень гэта лічыцца найбольшым пахаваннем у Курапатах. Там пахаваныя жыхары Усходняй Беларусі, сярод іх 19 жанчын. І адзінае месца, дзе знойдзены сляды спалення асабістых рэчаў забітых. Гэтае месца мы таксама пазначылі кветнікам. Ну і апроч таго мы даводзім да ладу тыя кветнікі, якія зрабілі раней, у тым ліку каля габрэйскага каменя. Наступным разам мы будзем пазначаць пачатак і канец дарогі смерці і месца, дзе стаяла будка ахоўніка.

РР: Фермер Уладзімір Матусевіч:

Я хаджу на мітынгі, на Дзяды хаджу пастаянна ў Курапаты. Трэба ж камусьці хадзіць. Нельга забываць такога.

РР: Можа ў вас ёсць падставы хадзіць, можа нехта са сваякоў?

Не, калі б я расказаў гісторыю сваіх родных, дык тут увогуле перамяшалася б усё. Я сам з-пад Менска, з вёскі, дык з родных адных расстралялі партызаны, другіх — немцы. Вось такая мешаніна. Шкада, што дзяржава ад гэтага адхінулася і цяпер ужо выраслі пакаленні маладых людзей, якія не ведаюць пра Курапаты. І гэта крыўдна.

Дваццаць гадоў дзяржава не хацела ведаць пра Курапаты, а зараз раптам чыноўнікі загаварылі аб мемарыялізацыі. Аднак мемарыял ужо створаны народам. Сотні драўляных крыжоў сярод соснаў уражваюць больш бетонных манументаў, — кажа Уладзімір Матусевіч.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя