У Курапатах вандалы размалявалі шыльды на крыжах



Пра гэта на сваёй старонцы ў Facebook напісала пісьменніца і настаўніца Ганна Севярынец.

«Нейкі чалавек размаляваў шыльды на крыжах у Курапатах. Панапісваў рознага. Адзін надпіс рэзануў моцна. На шыльдах па Дудару і Кавалю гэты чалавек напісаў, нібыта крыкнуў: «Тут их нет!» Тут іх і сапраўды — нет. Мо, дзе пад гаражным кааператывам у Лошыцы, пад бетоннай пляцоўкай. Мо, дзе пад новабудамі Каменнай Горкі. Пад кінатэатрам «Арбіта». А можа, наогул на сметніку, куды звозілі косці пры будаўніцтве кальцавой», — адзначыла Ганна Севярынец.

Па словах пісьменніцы, шыльды ўжо адмылі. Гэта не першы акт вандалізму ва ўрочышчы Курапаты. Аднак пакуль ніводнага вандала не знайшлі.

У Курапатах знаходзяцца пахаванні ахвяраў масавых расстрэлаў у 1937-1941 гадах. Колькі дакладна тут расстралялі чалавек, невядома. У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года НКУС расстраляў тут 108 беларускіх культурных дзеячоў і вучоных, сярод якіх былі паэты і пісьменнікі, крытыкі і перакладчыкі.

[manual_related_posts]