У Курапатах затрыманыя 15 чалавек
Ва ўрочышчы Курапаты 4 красавіка затрыманая 15 чалавек, паведамілі БелаПАН у групе інфармацыі і грамадскіх сувязей УУС Менаблвыканкама.
„Былі затрыманыя людзі для высвятлення асобы і правядзення праверкі, яны дастаўленыя ва УУС Менскага раёна, — паведаміў прадстаўнік абласной міліцыі. — Іх апытаюць: што яны рабілі, чым там займаліся. Хутчэй за ўсё, іх затрымлівалі, як я мяркую, з-за таго, што яны перашкаджалі правядзенню работ, не давалі людзям выконваць сваю працу. Я не ведаю, хто і што там рабіў. Хтосьці, магчыма, пад колы лез, хтосьці неяк інакш перашкаджаў, адцягваў кагосьці ад нечага. Будзе высвятляцца, што рабілі, з якой мэтай. На падставе гэтага будуць прымаць рашэнне, ці прыцягваць да адказнасці”.
„Пакуль, згодна з нашай інфармацыяй, для разбору дастаўлена 15 чалавек. Там ёсць вядомыя Севярынец, Дашкевіч і ўся гэтая кампанія, — дадаў прадстаўнік УВД. — Я не выключаю, што іх задакументуюць, апытаюць і адправяць дадому. Яны дастаўленыя для разбору, а як там пойдзе, колькі пратаколаў будзе складзена, колькі з іх будуць прыцягнутыя да адказнасці, пакуль не ведаю”.
Згодна з наяўнай інфармацыяй, у Курапатах былі затрыманыя апазіцыйныя актывісты Павел Севярынец, Дзяніс Урбановіч, Зміцер Дашкевіч, Філіп Шаўроў, Ніна Багінская, Валянціна Яроменак, Валерый Рабцаў, Арцём Кляпец. Імёны астатніх пакуль не вядомыя.
4 красавіка на месцы масавага пахавання ахвяр сталінскіх рэпрэсій ва ўрочышчы Курапаты пад Мінскам паводле рашэння ўладаў з дапамогай спецтэхнікі былі дэмантаваныя 70 драўляных мемарыяльных крыжоў, усталяваных летась грамадскімі актывістамі на чале са Змітром Дашкевічам.
Падчас „Вялікай размовы з прэзідэнтам” 1 сакавіка Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ўрочышча Курапаты будзе прыведзенае ў парадак, але рэстаран „Паедзем паядзім”, супраць працы якога пратэстуюць грамадскія актывісты, ніхто закрываць не будзе. Лукашэнка таксама выказаўся супраць несанкцыянаваных акцый ва ўрочышчы. „І каб дэманстрацый з крыжамі па перыметры там таксама не было. Ну навошта вы там павыстаўлялі гэтыя белыя крыжы (гаворка ідзе пра новыя крыжы, устаноўленыя Дашкевічам і іншымі актывістамі летам мінулага года.)? Вам што, царква дазволіла гэта рабіць? Гэта дэманстрацыя, а я супраць такой дэманстрацыі”, — падкрэсліў Лукашэнка.
