У кватэры 89-гадовай маці перакладчыцы Вольгі Калацкай прайшоў вобшук



У кватэры 89-гадовай маці перакладчыцы Вольгі Калацкай прайшоў вобшук, паведамляе прэс-служба Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Вобшук праведзены ў межах крымінальнай справы ў дачыненні да Калацкай.

„Пакуль невядома, што забралі падчас вобшуку. Вядома толькі, што забралі ключы ад кватэры Вольгі і паехалі з вобшукам туды”, — гаворыцца ў паведамленні.

Калацкая была затрыманая 15 студзеня ў сваёй кватэры ў Менску. Яна паспела паведаміць на сваёй старонцы ў „Фэйсбуку”, што яе павезлі ў Фрунзенскае РУУС „на размову”. Пазней адвакату паведамілі ў РУУС, што яна затрыманая на падставе крымінальнага артыкула (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).

Аднак 19 студзеня ёй выставілі абвінавачанне паводле часткі 1 артыкула 339 Крымінальнага кодэкса (хуліганства).

Вольга Калацкая — выкладчык англійскай мовы, перакладчык кнігі Маргарэт Этвуд „Пенелапіяда”, а таксама твораў Вірджыніі Вульф, Тэнэсі Уільямса, Уільяма Голдынга. Займаецца перакладамі фільмаў і мультфільмаў на беларускую мову.

Калацкая жыве з 89-гадовай мамай, якой неабходны догляд.

belapan.by