У кватэры члена савета руху „За Свабоду” прайшоў вобшук



Член савета руху „За Свабоду” Вікторыя Таболіч стала сведкай па справе, пачатай паводле арт. 366 КК (гвалт альбо пагроза ў дачыненні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі, або іншай асобы, якая выконвае грамадскі абавязак). Дома ў яе прайшоў вобшук, канфіскаваная тэхніка. Таболіч затрымала аператыўная група, пасля допыту ў Следчым камітэце яе вызвалілі.

„З раніцы прыехалі дадому, ламаліся ў дзверы. Цэлы аўтобус людзей у масках і са зброяй, паклалі ўсіх тварам у падлогу. Санкцыя пракурора на вобшук была ад 1 снежня”, — паведаміла БелаПАН Таболіч.

Паводле яе слоў, супрацоўнікі аператыўнай групы з галоўнага ўпраўлення крымінальнага вышуку МУС цікавілі толькі камп’ютары і тэлефоны. „Мне не казалі, у якім я знаходжуся статусе, пасадзілі ў машыну. Доўга не маглі вызначыцца, куды везці, прывезлі ў Следчы камітэт”, — адзначыла актывістка.

Там, паводле слоў Таболіч, яе ўгаворвалі прайсці тэст на паліграфе, а пасля адмовы адбыўся допыт у следчага. „Я даведалася, што знаходжуся ў статусе сведкі паводле арт. 366”, — паведаміла яна.

Вікторыя Таболіч дала падпіску аб невыдаванні. На допыце, паводле яе слоў, цікавіліся ў асноўным грамадскай дзейнасцю.

„Лічу гэта націскам і спробай запалохаць. З якіх часоў сведак затрымліваюць людзі ў масках? Новы ўзровень”, — заявіла Таболіч.

8 снежня ў Горках (Магілёўская вобласць) быў затрыманы член руху „За Свабоду” Андрэй Юркоў. 6 снежня ён правёў адзіночны пікет у падтрымку мясцовых жыхароў, затрыманых міліцыяй, трымаючы пусты ліст ватману. „Дарагія землякі, не баімся”, — сказаў Юркоў падчас пікета.

Актывіста выклікалі ў РАУС, адкуль ён не выйшаў дагэтуль. Інфармацыі аб судзе няма.

Андрэй Юркоў са жніўня адседзеў ужо 42 сутак арышту, апошні тэрмін скончыўся 1 снежня.