У Лідзе каля „Еўраопта” людзі змагаліся за пратэрмінаваныя прадукты
Карыстальнік сацыяльнай сеткі Instagram yahor_diesel апублікаваў відэа пра тое, як у Лідзе каля супермаркета «Еўраопт» бамжы змагаюцца за пратэрмінаваныя прадукты, выкінутыя супрацоўнікамі гандлёвай сеткі ў сметнік.
– Людзі жабракі, галодныя … Хочаш выкласці, што ёсць такія ў нас у краіне? – пытаецца ў хлопца, які здымаў відэа, адна з жанчын. – Не сумнявайцеся. На гэта жудасна глядзець, але што зробіш, вось такая ў нас краіна, жабрацкая, галодная.
– Куды ўладкавацца на працу, як пражыць? – кажа мужчына.
– А калі б была праца, працаваў бы?
– Вядома, з вялікім задавальненнем. Я скончыў школу з залатым медалём, скончыў тэхнікум з чырвоным дыпломам, а зараз не магу знайсці працу. А цяпер што? Я бомж. Хоць не, я не бомж. У дачкі ёсць кватэра, дзякуй ёй. Але што есці, чым харчавацца? Я ж мужык, мне трэба нешта есці. Даводзіцца апускацца ніжэй за плінтус. Гэта не мы такія, гэта жыццё такое.
