У Лідзе пры падтрымцы МЗС Польшчы адкрылася інклюзіўная веладарожка



У Лідзе 12 верасня адбылося афіцыйнае адкрыццё першай у Беларусі інклюзіўнай веладарожкі працягласцю каля 10 км.

Як паведаміла прэс-служба ПРААН у Беларусі, дарожка даступная для веласіпедыстаў усіх узростаў і фізічных магчымасцяў і праходзіць праз асноўныя славутасці Ліды. Дарожка разлічаная як на традыцыйныя ровары, так і на спецыяльныя мадэлі з ручным кіраваннем і электрычныя прыстаўкі да інвалідных калясак, якія адаптаваныя пад патрэбы і фізічныя магчымасці людзей з інваліднасцю.

Веладарожка адпавядае сучасным патрабаванням бяспекі і закліканая папулярызаваць здаровы лад жыцця сярод жыхароў Лідскага раёна і гасцей горада. Як адзначаюць ініцыятары праекта, яго карысць не абмяжоўваецца толькі павышэннем бяспекі руху. Ён таксама дапамагае зрабіць гарадскі веларух яшчэ больш даступным і інклюзіўным.

На спецыяльна спраектаваных участках дарожкі можна таксама камфортна катацца на самакатах, роліках і нават на ролерных лыжах. Па ўсім шляху ўстаноўленыя дарожныя знакі, нанесеная разметка, абсталяваныя велапаркоўкі, а таксама будуць пабудаваныя дзве спартыўныя (воркаўт) пляцоўкі, на якіх могуць займацца і людзі з інваліднасцю.

Веладарожка пабудаваная ў межах рэалізацыі кампанента „Падтрымка доступу да аб’ектаў фізічнай актыўнасці для прасоўвання здаровага ладу жыцця ў Лідзе” праекта „Белмед”, дафінансаванага Міністэрствам замежных спраў Польшчы ў рамках праграмы польскага супрацоўніцтва. Фінансаванне ініцыятывы склала 236 тысяч даляраў ЗША ў межах праграмы развіцця Міністэрства замежных спраў Польшчы „Польская дапамога”.

„Мне вельмі прыемна, што мы можам падтрымліваць такія ініцыятывы гарадскіх уладаў, накіраваныя на паляпшэнне сітуацыі людзей з інваліднасцю. У рамках праграмы „Польская дапамога” мы стараемся аказваць падтрымку тым ініцыятывам, якія спрыяюць інтэграцыі людзей з інваліднасцю, даюць шанец лепш функцыянаваць у грамадстве” , — пракаментаваў пасол Польшчы ў Беларусі Артур Міхальскі.

belapan.by