У Лідзе затрымалі актывіста Моладзі БНФ Аляксея Маркевіча



Пасля поўдня ў Лідзе затрымалі актывіста Моладзі БНФ Аляксея Маркевіча.

Ён вяртаўся з працы ў Мастах, праблемы былі ўжо на працягу некалькіх дзён, расказаў нашаму радыё старшыня арганізацыі Юрась Лукашэвіч:

– Ён затрыманы, знаходзіцца ў райаддзеле горада Ліды. Ён быў затрыманы, калі вяртаўся з працы з Мастоў. Чаму ён затрыманы я не ведаю. Ён яшчэ казаў днём, калі мы перапісваліся, што на працы яму пагражалі, што прыходзілі да кіраўніка з КДБ, яны цікавіліся. На працы загадалі, што ў суботу будзе працоўны дзень, ён адмовіўся працаваць у суботу і не падпісваў ніякія паперы. Калі вяртаўся сёння з працы, то яго затрымалі.   

На гэты момант сувязі з Аляксеем Маркевічам няма.

Старшыню Моладзі БНФ Юрася Лукашэвіча ў той жа час адлічылі з БДУ, ён ужо атрымаў афіцыйнае запрашэнне прыйсці па дакументы.

Таксама працягваецца ціск на сябраў арганізацыі ў іншых гарадах. Да прыкладу, у Гомелі да шасцёх моладзевых актывістаў прыходзілі міліцыянты.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя