У ліпені ў лясах шукалі 29 чалавек, чацвёра – пакуль не знойдзеныя
Дазвол на наведванне лясоў пасля травеньскай і чэрвеньскай забароны даў і сумныя вынікі – рэзка вырасла колькасць заяў наконт пошуку зніклых ягаднікаў і грыбнікоў.
Пра гэта на прэс-канферэнцыі ў Менску паведаміў кіраўнік пошукавай працы галоўнага ўпраўлення крымінальнага вышуку Міністэрства ўнутраных справаў Дзмітры Крукаў.
– З 2013 па 2016 гады за летне-восеньскі перыяд у сярэднім рэгістравалася 165 заяваў у міліцыю аб дапамозе ў росшуку грамадзянаў, якія заблукалі ў лясах. У мінуўшым годзе тэндэнцыя значна вырасла і было зарэгістравана ўжо 407 такіх заяваў. Калі браць сёлетні год, дык з прычыны сухога лета колькасць заяваў рэзка павялічылася. Толькі за паўмесяца ў ліпені было зарэгістравана 29 заяваў. На жаль, у чатырох выпадках мы не змаглі зайсці зніклых асоб.
Прадстаўнік Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Андрэй Юржыц пералічыў мінімальныя патрабаванні да наведвальніка лесу, якія могуць выратаваць жыццё.
– Перш чым ісці ў лес, трэба азнаёміцца з парадамі, якія напісаны ў нас на сайце. Каляровае адзенне, сродкі сувязі, для сябе павінны быць запалкі, нож, адпаведны абутак. Ну і восенню апранацца цёпла.
Хто знікае часцей за ўсё? Паводле міністэрстваў унутраных спраў і па надзвычайных сітуацыях, гэта мужчыны і жанчыны, старэйшыя за 70 год, якія жывуць адны на вёсцы альбо праводзяць лета на дачным участку.
Беларускае Радыё Рацыя
