У Літве апублікуюць даносы некалькіх сотняў агентаў КДБ



Літоўскі цэнтр даследавання генацыду жыхароў і супраціву пачаў публікаваць дакументы з архіваў КДБ. Усяго плануецца апублікаваць даносы некалькіх сотняў агентаў Камітэта дзяржбяспекі Літвы.

У гэтых дакументах – справаздачы аб дзейнасці літоўскіх эмігрантаў, прамысловым шпіянажы, сачэнні за каталіцкай царквой, а таксама інфармацыя пра людзей, якіх савецкая ўлада лічыла небяспечнымі для сваёй ідэалогіі.

З ужо апублікаваных дакументаў вынікае, што КДБ Літвы асабліва цікавіўся літоўскімі эмігрантамі ў ЗША і Канадзе. Напрыклад, агент «Святлоў» у ліпені 1981 года інфармаваў сваіх аператыўнікаў аб стварэнні кафедры літуаністыкі ў Ілінойскім універсітэце.

У паведамленнях агента «Караля», напрыклад, апісваецца дзейнасць літоўскіх эмігрантаў у ЗША, грамадскіх дзеячаў і арганізацый. Агент «Шарунас» даваў справаздачы аб рабоце эмігранцкіх друкаваных выданняў. Справаздачы шпіёнаў на сайце цэнтра будуць выкладвацца да лета 2018 года.

delfi.lt