У Львове адбылася масавая бойка з удзелам беларусаў



У ноч на 23 лютага ў цэнтры Львова пабіліся 6 беларусаў і 8 жыхароў Львоўшчыны, паведамляе lvivnews.info.

Паводле выдання, мясцовыя праваахоўнікі не раскрываюць прычынаў канфлікту. Прэс-сакратар львоўскай паліцыі паведаміла, што тры беларусы звярнуліся ў больніцу, дзе былі знятыя пабоі.

Украінскія паліцэйскія склалі пратакол на мясцовага жыхара за дробнае хуліганства. Мужчына нецэнзурна лаяўся і паводзіў сябе агрэсіўна, піша lvivnews.info.

Дэпутат львоўскай гарадской рады Ігар Зінкевіч напісаў у суполцы «Varta1» пра падрабязнасці інцыдэнта.

«Усе беларусы былі на падпітку і паводзілі сябе па-хамску… Ім па-ўкраінску звярнулі ўвагу на іхныя паводзіны, але яны не разумелі ўкраінскую мову і тое, што ім тлумачаць. Так усё і пачалося», – напісаў Зінкевіч.

Паводле дэпутата, які размаўляў з відавочцамі, украінскія ўдзельнікі бойкі прадстаўляліся як нацыяналісты.

Беларусы прыехалі ў Львоў на канферэнцыю, паведамляе lvivnews.info, спасылаючыся на ўласныя крыніцы інфармацыі.

Аддзел камунікацыі Нацпаліцыі Львоўскай вобласці паведамляе, што па факце бойкі распачалося крымінальнае следства (наўмыснае нанясенне лёгкіх цялесных пашкоджанняў).

Белсат