У любові і згодзе 58 гадоў



Вячаслаў і Кацярына Сухарэбскія з вёскі Русіны Баранавіцкага раёна пражылі разам 58 гадоў. Спадару Вячаславу – няпоўных 84 гадоў, спадарыні Кацярыне – на пяць гадоў меней.

Працавалі ў сельскай гаспадарцы ўсё жыццё сумленна. Спадар Вячаслаў Сухарэбскі – на кіруючых пасадах. Выгадавалі дваіх дзяцей, дачакаліся ўнукаў і праўнукаў. Усё жыццё разам, усё жыццё побач, у радасці і ў горы, кажа спадарыня Кацярына:

– І жылі, і будаваліся, уладкоўваліся. Працавалі. Дзяцей гадавалі. Мы вучыліся. Ён скончыў інстытут, я – тэхнікум. Дзеці сталі падрастаць. Трэба было вучыць. Раскошы не было. Актыўны вялі лад жыцця. У самадзейнасці ўдзельнічалі. Жыццё было актыўнае. І ўсё разам.

Дэмакратычная грамадскасць ведае і паважае сужонкаў. На іх доме заўсёды лунае бел-чырвона-белы сцяг.

Спадар Сухарэбскі – сябра Баранавіцкага Таварыства беларускай мовы, які ўвесь час шчодра матэр’яльна падтрымлівае Таварыства. Вынікі свайго жыцця Вячаслаў Сухарэбскі падвёў у сваёй кнізе “На прасторы і волі”.

Беларускае Радыё Рацыя