У Магілёве адсвяткавалі 440-годзе надання гораду Магдэбургскага права



У Магілёве адбыліся святкаванні з нагоды 440-й гадавіны надання гораду Магдэбургскага права. У гатэлі “Магілёў” адбылася міжнародная навуковая канферэнцыя “Ад Магдэбургскага права да сучаснага самакіравання”.

Сярод гасцей былі навукоўцы з розных рэгіёнаў Беларусі, а таксама з Кіева і Бранска. Кандыдат гістарычных навук з Украіны Кацярына Кобчанка паведаміла, што згодная з шэрагам нямецкіх даследчыкаў наконт таго, што многія нормы гарадскога самакіравання, якія пайшлі з Магдэбурга, не састарэлі да сённяшняга часу.

– Таму тыя працэсы, якія адбываюцца зараз, маюць генетычную сувязь з Магдэбургскім правам. Гэта і права распараджацца ўласным бюджэтам, і пашыраць паўнамоцтвы і правы мясцовай улады, так, як гэтая сістэма функцыянуе ў Заходняй Еўропе.

Ва Украіне цяпер якраз адбываецца рэформа мясцовага самакіравання, украінскія калегі дзяліліся досведам з беларусамі. У Беларусі, па словах даследчыка традыцый Магдэбургскага права Андрэя Завадскага, пакуль няма самага элементарнага, што павінны мець гарады пры сістэме самакіравання. Таксама на канферэнцыі былі выступы пра гарадскія ратушы Шклова і Магілёва, барацьбу жыхароў беларускіх мястэчак з царскімі ўладамі за вяртанне мяшчанства, літаратурнае жыццё Магілёўшчыны часоў Магдэбургскага права і многія іншыя даследванні.

Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя, Магілёў