У Магілёве міліцыянты гвалтоўна затрымалі журналістку



Магілёўскія міліцыянты гвалтоўна 21 траўня затрымалі і даставілі ў Ленінскі РАУС журналістку-фрылансара Аліну Скрабунову. Позву з’явіцца ў міліцыю таксама атрымаў відэааператар Яўген Глушкоў.

Як расказала БелаПАН Скрабунова, яе схапілі ў пад’ездзе дома ў панядзелак прыблізна а першай гадзіне дня. „Ніякіх позваў не прыходзіла. Адзінае, што мне тэлефанавалі ў суботу вечарам. Сказалі, што з Ленінскага РАУС, што на мяне складзены пратакол. Я ў гэты час была ў Тураве, за 350 км ад Магілёва. Я ім сказала, што знаходжуся далёка і прыеду ў панядзелак ці ў аўторак. Дамовіліся сустрэцца ў аўторак. Сёння, у панядзелак, я заходжу ў пад’езд, і мяне хапае чалавек у цывільным за руку і кажа: „Скарбунова Аліна, ты папалася„, — паведаміла журналістка.

Яна адзначыла, што па лесвіцы ў пад’ездзе гэтым часам спускаўся іншы чалавек у цывільным. „Ён паўгода таму затрымліваў мяне на вуліцы Ленінскай са словамі: „Які ваш від дзейнасці?” Ён не з міліцыі, а з іншай структуры, напэўна”, — дадала Скрабунова.

Яны мяне пацягнулі ў машыну, хаця я гаварыла, што сама дайду. Машына была не міліцэйская, а ўласная, аднаго з іх. Як аказалася, гэта Руслан Марозаў, участковы інспектар. Яшчэ на мяне нападалі ў машыне, спрабавалі забраць тэлефон„, — сказала Скрабунова.

Паводле яе слоў, у Ленінскім РАУС яе не знаёмілі з правамі і не давалі магчымасці напісаць скаргу на дзеянні супрацоўнікаў міліцыі. Там яна атрымала позву ў РАУС на 23 трауня. Скрабуновай інкрымінуюць незаконны выраб і (або) распаўсюджванне прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі (ч. 2 арт. 22.9 КоАП). „Яны абвінавачваюць мяне ў тым, што я інтэрв’юявала грамадзян і тым самым удзельнічала ў стварэнні відэасюжэта на замежным тэлеканале „Белсат”. Сюжэт выйшаў 4 красавіка і тычыўся высялення людзей па вуліцы Заслонава„, — паведаміла журналістка.

Позву з’явіцца ў Ленінскі РАУС 23 мая атрымаў і відэааператар Яўген Глушкоў. У яго позве гаворыцца, што ён з’яўляецца асобай, у дачыненні да якой вядзецца адміністрацыйны працэс, без указанні канкрэтнага артыкула КоАП. „Руслан Марозаў сказаў, што гэта тычыцца нейкага відэасюжэта”, — паведаміў БелаПАН відэааператар.  БелаПАН