У Магілёве памёр Яраслаў Клімуць



На 82-м годзе жыцця ў Магілёве памёр пісьменнік, выкладчык, шматгадовы старшыня магілёўскай арганізацыі Таварыства беларускай мовы, шчыры і адданы беларускай справе чалавек Яраслаў Клімуць.

Яраслаў Клімуць нарадзіўся 1 кастрычніка 1940-га года ў мястэчку Вострава Ваўкавыскага раёна. У 1959-1962 гадах служыў у войску, а затым вучыўся ў на філалагічным факультэце БДУ. У 1975 годзе пачаў працаваць у Магілёўскім дзяржаўным педагагічным інстытуце, з якім звязана ўсё яго працоўнае жыццё.

З 1986  па 2000 год служыў дэканам філалагічнага факультэта Магілёўскага педінстытута. Пры ім факультэт быў сапраўднай кузняй нацыянальных кадраў. Ён спрыяў творчасці, самастойнасці студэнтаў, фарміраванню іх актыўнай грамадзянскай палітыкі. Многія выпускнікі факультэта называлі яго сваім другім бацькам.

Яраслаў Іванавіч паказваў студэнтам прыклад і актыўна ўдзельнічаў у грамадскім жыцці горада, вобласці, краіны. Быў сябрам Саюза беларускіх пісьменнікаў з 1996 года. Ён адзін з заснавальнікаў Таварыства беларускай мовы і шматгадовы кіраўнік абласной арганізацыі ТБМ.

Сваю місію ў адраджэнні беларушчыны Яраслаў Іванавіч бачыў у дапамозе беларускім ідэям і з’явам. Менавіта жаданне дапамагаць усяму беларускаму прывяло яго ў склад тэатральнай трупы Валянціна Ермаловіча «Валянцін», у рэдакцыю часопіса «Магілёўская даўніна». Дзякуючы яму былі ўсталяваны мемарыяльныя дошкі ў гонар надання Магдэбургскага права ў Бялынічах, Чэрыкаве, Чавусах.

Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]