У Магілёве работнікі морга абвінавачаныя ў крадзяжы грошай у сваякоў памерлых



Пяці работнікам Магілёўскага абласнога патолагаанатамічнага бюро выстаўленае абвінавачанне ў буйным крадзяжы.

Як паведаміла БелаПАН афіцыйны прадстаўнік упраўлення Следчага камітэта па Магілёўскай вобласці Аксана Салянюк, работнікі морга патрабавалі ад сваякоў памерлых за рытуальныя паслугі (гігіенічныя працэдуры, бальзамаванне і іншыя) сумы ў некалькі разоў вышэйшыя, чым устаноўлена афіцыйна. „Выкарыстоўваючы цяжкі эмацыйны стан людзей, абвінавачаныя прапаноўвалі вырашыць пытанне эфектыўна, якасна і ў самыя кароткія тэрміны. За люты і з чэрвеня па кастрычнік 2017 года фігуранты крымінальнай справы завалодалі грашовымі сродкамі больш як на 5.800 рублёў”, — адзначыла прадстаўнік следства.

Фігуранты справы, распачатай на падставе ч. 3 арт. 210 Крымінальнага кодэкса (крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, учынены групай асоб паводле папярэдняй змовы, у буйным памеры), знаходзяцца пад вартай.

Пацярпелыя па справе — больш за 70 жыхароў Магілёва. Следства мяркуе, што фактаў супрацьпраўных дзеянняў абвінавачаных можа быць значна больш.

Крадзяжы ў сваякоў памерлых, учыненыя работнікамі моргаў, не ўпершыню раскрываюцца ў Магілёве. У жніўні 2017 года суд Кастрычніцкага раёна горада высветліў, што супрацоўнікі РУП „Белсудэкспертзабеспячэнне” Мікалай Рабцаў, Галіна Сяргеенка і Алеся Швед з мая па жнівень 2016 года шматкроць завышалі патрабаванні па аплаце падрыхтоўкі цел нябожчыкаў да пахавання, тым самым ашукалі звыш 100 сваякоў памерлых больш як на 5.700 рублёў. Сяргеенцы было прызначанае пакаранне ў выглядзе двух гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Яна таксама пазбаўленая права на працягу трох гадоў займацца дзейнасцю, звязанай з аказаннем платных бытавых паслуг, спалучанай з атрыманнем грошай. Рабцаў і Швед прыгавораныя да аднаго з паловай года абмежавання волі і пазбаўленыя права займацца вышэйназванай дзейнасцю на працягу двух гадоў.