Банк у Магілёве спрабаваў абрабаваць грамадзянін Расеі (абноўлена)



Падазраваны ва ўзброеным нападзе на аддзяленне „Беларусбанка” ў Магілёве з’яўляецца грамадзянінам Расеі, які мае від на жыхарства ў Беларусі.

20 лістапада каля 15.00 узброены пісталетам мужчына ўвайшоў у 72-е аддзяленне „Беларусбанка” на вуліцы Каліноўскага, 31, і запатрабаваў грошы. Касір паспела націснуць трывожную кнопку. Пры затрыманні мужчына пачаў страляць з пісталета. У адказ супрацоўнікі міліцыі прымянілі табельную зброю, паранілі і затрымалі нападніка. Іншых пацярпелых няма.

Як паведаміў журналістам начальнік УУС Магілёўскага аблвыканкама Аляксандр Кавальчук, на працягу хвіліны пасля таго, як спрацавала ахоўная сігналізацыя, на месца здарэння выбыла група затрымання аддзела Дэпартамента аховы Ленінскага раёна Магілёва. Акрамя таго, па лініі 102 паступіла паведамленне, што ў памяшканні банка знаходзіцца ўзброены чалавек, які вылучыў патрабаванне аб перадачы яму грошай. Пасля гэтага на месца выехалі супрацоўнікі атрада міліцыі асаблівага прызначэння УУС Магілёўскага аблвыканкама.

„Таксама для каардынацыі дзеянняў выбыў першы намеснік начальніка УУС Аляксандр Васільеў. Было ўстаноўлена, што ў памяшканні банка знаходзіцца ўзброены чалавек у масцы і пяцёра заложнікаў. Палкоўнікам міліцыі Васільевым было прынята рашэнне ўступіць у перамовы са злачынцам пад выглядам супрацоўніка службы бяспекі банка. У далейшым, дзякуючы разумным дзеянням, яму было прапанавана вызваліць заложнікаў, была дадзена аўтамашына, і палкоўнік Васільеў паехаў разам з ім”, — сказаў Кавальчук.

Паводле яго слоў, пасля таго як рабаўнік зразумеў, што яго пераследуюць, ён даў указанне спыніць машыну і спробаваў уцячы, аказваючы ўзброенае супраціўленне. „Дзякуючы разумным дзеянням супрацоўнікаў міліцыі атрада спецыяльнага прызначэння ён быў затрыманы, атрымаў раненне ў нагу. Пры ім быў знойдзены рукзак з грашыма. Аб сітуацыі неадкладна было паведамлена кіраўніку дзяржавы, і ўсё знаходзілася пастаянна пад яго кантролем”, — паведаміў кіраўнік абласной міліцыі.

У рукзаку было больш як 7.000 рублёў, 150 долараў і жорсткі дыск камп’ютара, якія, верагодна, былі выкрадзены з банка, расказаў журналістам начальнік УСК па Магілёўскай вобласці Андрэй Ліс, адзначыўшы, што таксама канфіскаваны і прадмет, падобны на пісталет „Макарава”. Следчыя органы распачалі справу па ч. 2 ст. 291 Крымінальнага кодэкса (захоп заложнікаў у колькасці дзвюх і больш асоб з карыслівых меркаванняў). Ліс паведаміў, што „на шчасце, пацярпеў толькі падазраваны, разам з тым псіхалагічная дапамога патрабуецца і асобам, якія ўдзельнічалі ў затрыманні”.

„На маёй памяці гэта першы падобны выпадак у Магілёве. Сам злачынец — ураджэнец горада Магадана, грамадзянін Расіі. У верасні ён атрымаў від на жыхарства. Тут у яго пражывала маці. Цяпер па месцы жыхарства праводзім вобыскі і іншыя мерапрыемствы”, — паведаміў Александр Кавальчук.

Падазраваны цяпер знаходзіцца ў бальніцы.

belapan.com