У Магілёве выбіраюць лагатып да 750-годдзя



У Магілёве завяршаецца распрацоўка канцэпцыі афармлення горада да яго 750-годдзя, якое адзначаецца сёлета.

Больш за 50 работ паступіла на конкурс праектаў лагатыпа 750-годдзя Магілёва, паведаміла 3 лютага на пасяджэнні Магілёўскага гарвыканкама начальнік гарадскога ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Іна Караткевіч. Паводле яе слоў, у выніку разгляду прапанаваных эскізаў шматлікія іх элементы былі аб’яднаныя. Караткевіч прадставіла вынік працы спецыялістаў кіравання — два падобныя на выгляд лагатыпы старажытнага і сучаснага Магілёва.

Паводле слоў начальніка ўпраўлення, за аснову распрацаванага праекта быў узяты беларускі ручнік, дзе выцягнутая ў даўжыню чырвоная выява накладзеная на белы або шэры фон. У цэнтры першага прэзентаванага варыянту размешчаная чырвоная выява герба Магілёва. Над ім — лічбы 750, унізе — надпіс „Магілёў”. У абодва бакі ад герба ідуць меншыя па памерах, таксама выкананыя чырвоным колерам, выявы старажытных або звязаных з гісторыяй будынкаў і збудаванняў сучаснага горада. Сярод іх — ратуша, мастацкі музей імя Паўла Масленікава, капліца на Буйніцкім полі, царква ў Падніколлі. З абодвух бакоў лагатып замыкаюць выявы львоў. Пад малюнкам вузкай паласой праходзіць беларускі арнамент.

У другім варыянце лагатыпа, які сімвалізуе сучасны Магілёў і выкананы ў той жа бел-чырвонай гаме, цэнтральным элементам з’яўляецца дом саветаў, зверху і знізу якога ўтрымліваюцца аналагічныя першаму варыянту надпісы. Па баках ад цэнтра ідуць выявы шэрагу сучасных знакавых будынкаў і збудаванняў Магілёва — дыягнастычнага цэнтра, Палаца гімнастыкі, спартзалы „Алімпіец”, выпрабавальнай ліфтавай шахты завода „Магілёўліфтмаш” і іншыя. Бакавыя заканчэнні малюнка і яго ніжняя частка аналагічныя першаму варыянту.

Прадстаўленыя Караткевіч праекты двух лагатыпаў былі станоўча ўспрынятыя ўдзельнікамі пасяджэння. Разам з тым прызнана, што праект канцэпцыі святочнага афармлення горада ў гонар 750-годдзя, прадстаўлены галоўным архітэктарам Магілёва Уладзімірам Скачакам, патрабуе дапрацоўкі.

„На наступным тыдні павінны канчаткова зацвердзіць канцэпцыю святочнага афармлення, размясціць адпаведныя заказы для прадпрыемстваў і пачаць работы”, — паведаміў старшыня Магілёўскага гарвыканкама Уладзімір Цумараў.

Ён у цэлым станоўча ацаніў прадстаўлены таксама архітэктарам праект добраўпарадкавання тэрыторыі парку ў Падніколлі, які з’яўляецца гістарычнай часткай горада і знаходзіцца ў цэнтры Магілёва.

Згодна з праектам, найбліжэйшым часам стаіць задача будаўніцтва ўваходнай групы з боку плошчы Арджанікідзэ ўніз да вуліцы Вялікая Грамадзянская. Ўваходная група павінна будзе ўключаць некалькі лесвічных маршаў, лесвічныя пляцоўкі, каскад вадаспадаў, фантаны. У самім ствараным парку плануецца брукаванне дарогі да Паднікольскага манастыра, устаноўка ратонд, лавак, добраўпарадкаванне тэрыторыі, на якой павінны з’явіцца зоны для дзіцячага, спартыўнага, ціхага адпачынку, веладарожкі і велапаркоўкі, месцы для вясельных фотасесій.

Як заявіў Уладзімір Цумараў, парк у Падніколлі павінен стаць любімым месцам магілёўцаў.

belapan.by