У Магілёве вызначылі падзею і асобу года



28-га студзеня Грамадскі магістрат Магілёва падсумаваў вынікі 2016 года і назваў асобу і падзею года. Асобай года быў прызнаны старшыня Таварыства беларускай мовы горада Магілёва Алег Дзьячкоў, які, на жаль, з-за працы не прысутнічаў на ўручэнні, таму за яго прыз атрымаў сябра ТБМ Алесь Сабалеўскі. Лаўрэатам прэміі “Падзея года” стаў збор подпісаў за адмену “Дэкрэта пра дармаедаў”.

Арганізатар збору старшыня магілёўскага аддзялення Аб’яднанай грамадзянскай партыі Уладзімір Шанцаў атрымаў з рук арганізатараў прызы. У размове з “Беларускім Радыё Рацыя” Уладзімір Шанцаў адзначыў, што прэмію заслужылі не зборшчыкі подпісаў, а кіраўніцтва дзяржавы, якое завяло людзей у такую складаную сітуацыю:

– Я не думаю, што гэта мая заслуга, гэта заслуга нашых кіраўнікоў. Што яны нарабілі ў гэтай краіне?! Грамадскасць адрэагавала на збор подпісаў, і гэта было названа падзеяй года. А людзі, якія стварылі гэтую праблему, што яны павінны адчуваць? Думаю, калі гэта нармальныя людзі, яны павінны ў панядзелак адмяніць той закон, які выклікаў такую бурную рэакцыю ў грамадстве.

Уручэнне прэмій “Асоба года” і “Падзея года” адбываецца ў Магілёве ўжо традыцыйна. Пераможцаў і гасцей імпрэзы, якая прайшла ў гатэлі “Магілёў”,  чакаў вялікі святочны торт.

Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя, Магілёў

Фота аўтара