У Магілёве збіраюць грошы на прытулак для бяздомных жывёл



Магілёўскае дабрачыннае грамадскае аб’яднанне „Надзея” абвясціла збор сродкаў для куплі будынка пад прытулак для бяздомных катоў.

Як паведаміла БелаПАН старшыня арганізацыі Людміла Кірэева, праблема бяздомных жывёл у Магілёве стаіць вельмі востра. „Магілёў адзіны абласны горад у рэспубліцы, які не мае прытулкаў ні для катоў, ні для сабак. Ужо тры гады я прабіваю ідэю стварэння прытулку”, — адзначыла яна.

Паводле яе слоў, зараз з’явілася магчымасць стварыць прытулак у адным з будынкаў, якія належаць Беларускай чыгунцы, на вуліцы Падгорнай плошчай 265 квадратных метраў. Яго кошт 2.388 рублёў, і найбліжэйшым часам ён будзе выстаўлены на аўкцыён.

Як сказала Кірэева, некаторыя магілёўскія прадпрыемствы і арганізацыі ўжо адгукнуліся на просьбу пра дабрачыннае выдзяленне сродкаў, і, магчыма, да канца года ў Магілёве з’явіцца першы прытулак для бяздомных жывёл.