У траўні сярэдняя пенсія па ўзросце вырасла на 50 капеек



Сярэдняя пенсія па ўзросце ў траўні склала 306,6 рубля, што на 50 капеек больш, чым у красавіку, сакавіку і лютым 2017 года, вынікае з дадзеных Нацыянальнага статыстычнага камітэта.

Пры гэтым рэальны памер прызначаных пенсій (з улікам росту спажывецкіх цэн) у маі 2017 года ў дачыненні да красавіка знізіўся на 0,2% (да мая 2016 года — на 0,6%). Рэальная пенсія зніжаецца працяглы час. Яе рост у дачыненні да папярэдняга месяца назіраўся толькі ў жніўні і снежні 2016 года (на 0,4 і 4,2% адпаведна).

Пенсія па інваліднасці ў маі ў параўнанні з красавіком знізілася на 10 капеек і склала 273,3 рубля, у сувязі са стратай карміцеля — на 20 капеек да 203,9, сацыяльная пенсія павялічылася на 3,3 рубля да 171,2 рубля.

У органах па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне ў маі 2016 года на ўліку стаяла 2 млн 601,4 тыс. пенсіянераў, сярэдні памер прызначаных ім пенсій склаў 298 рублёў (на 30 капеек больш, чым у красавіку), што ў 2,1 разу перавысіла бюджэт пражытачнага мінімуму для гэтай катэгорыі насельніцтва.

Як паведаміла міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч, выступаючы на пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў 21 чэрвеня, без субвенцый бюджэту вырашыць задачу фарміравання даходнай часткі Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва ў гэтым годзе будзе складана. „Тое, што запланавана па законе аб бюджэце ФСАН на 2017 год, — мы бачым, што будзем мець патрэбу ў дадатковых субвенцыях”, — сказала Касцевіч, адказваючы на ўдакладняючае пытанне дэпутатаў, ці хопіць бягучых узносаў прадпрыемстваў для фарміравання даходнай часткі ФСАН.

Паводле яе слоў, істотны рост субвенцый з рэспубліканскага бюджэту, якія былі пералічаныя ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва ў 2016 годзе, звязаны з невыкананнем мэтавых паказчыкаў па росце ВУП.

Паводле звестак Мінпрацы, у мінулым годзе на пакрыццё расходаў бюджэту фонду на выплату пенсій і дапамог з рэспубліканскага бюджэту было атрымана субвенцый на 1,4 млрд рублёў, што ў 2,4 разу больш у параўнанні з першапачатковым планам.

Адказваючы на пытанні дэпутатаў, Касцевіч паведаміла, што павелічэнне субвенцый стала следствам невыканання планавых паказчыкаў па тэмпах эканамічнага росту.

БелаПАН