У маладэчанскай школе для бацькоў зрабілі платны ўваход на ранішнікі
Праўда, каштаваць квіток на тое, каб паглядзець на сваё дзіця ў касцюме зайчыка ці сняжынкі будзе рубель дваццаць капеек, але многіх бацькоў абурыў сам факт.
Сітуацыю каментуе дырэктарка сярэдняй школы № 14 Каліна Капуцкая:
– Нічога страшнага і жудаснага я ў гэтым не бачу, – кажа дырэктарка, – ранішнікі ў школах платныя даўно. Кожная школа мае права аказваць платныя адукацыйныя паслугі. Паказ канцэрта – гэта таксама выхаваўчая праца калектыва нашых педагогаў. Таму і ўстанавілі сімвалічны кошт рубель і дваццаць капеек.
Каліна Віктараўна кажа, што адпаведны прэйскурант на паслугі школа атрымала ў аддзеле адукацыі Маладэчанскага райвыканкама.
– Грошы мы не збіраем, як мне давялося пачуць, а ўсё афіцыйна прабіваем праз касу. У цэнтры дзіцячай творчасці „Маладзік” уваход на ранішнікі каштуе 5 рублёў, у Лядовым палацы – 25. Пра іх кошты бацькі ж не ўзрушаюцца?
– А куды пойдуць гэтыя грошы?
– На пашыў касцюмаў, на тое, каб напоўніць мех нашага Дзеда Мароза цукеркамі, сувенірамі, якія атрымаюць дзеці падчас ранішнікаў. На салодкі стол для ўдзельнікаў канцэрта.
Ільготы ж для шматдзетных сем’яў і сем’яў, у якіх выхоўваюцца дзеці-інваліды, кажа дырэктарка, будуць.
– Ініцыятыва з платнымі ранішкамі цалкам належыць 14 школе?
– Не, я мяркую, што так будуць рабіць і іншыя школы.
