У Маладэчне здзек з памяці ахвяраў Чарнобыльскай катастрофы



У Маладэчне развешаны афішы, якія запрашаюць жыхароў гораду 26 красавіка (!) на забаўляльнае мерапрыемства пад назвай „Дискотека СССР” (!!!). У праграме заяўлены розныя расейскія поп-выканаўцы кшталту гурта „Сладкий сон”.

Большага здзеку, чым такія скокі ў дзень трагедыі агульнанацыянальнага маштабу, цяжка ўявіць. „Дискотека СССР” павінна адбыцца ў дзяржаўнай установе „Дворец культуры г. Молодечно”. Гэтая ж установа выступае арганізатарам забавы. Цікава, ці ёсць у галовах кіраўніцтва гэтага палацу хоць каліва разумення, што гэта за дзень – 26 красавіка ў нашай гісторыі?!

Цікава таксама, куды глядзіць і што думае аддзел ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Маладэчанскага райвыканкаму? (начальнік аддзелу Вольга Паўлаўна Клепакова)

Нагадаем, што 30 гадоў таму – 5 красавіка 1990 года Вярхоўны Савет Беларусі абвесьціў 26 красавіка Днём Чарнобыльскай трагедыі. Падаецца, што гэтую пастанову ніхто не адмяняў. Асобы, якія дапусцілі ў Маладэчне такі цынічны здзек з памяці ахвяраў радыяцыйнай катастрофы, павінны быць прыцягнутыя да службовай адказнасці за свае дзеянні.

Беларускае Радыё Рацыя