У Маскве эвакуявалі 20 тысяч чалавек



Звыш 20 тысяч чалавек эвакуявалі з маскоўскіх гандлёвых цэнтраў, вакзалаў, ВНУ і гасцініцы „Космас” з-за паведамленняў пра пагрозы выбуху.

Пра гэта ТАСС распавялі ў экстраных службах сталіцы.

Мерапрыемствы праводзіліся на Кіеўскім, Яраслаўскім і Казанскім вакзалах, гандлёвым цэнтры „Метраполіс” на Ленінградскай шашы, Першым медыцынскім універсітэце імя І. М. Сечанава, Расейскім эканамічным універсітэце імя Пляханава, радыёрынку ў Міціна і ў шэрагу іншых месцаў. Размова ідзе пра 30 аб’ектаў Масквы.

„Замінавалі” і Дзяржаўны ўніверсальны магазін на Краснай плошчы. Пра гэта РИА Новости паведамілі ў прэс-службе Федэральнай службы аховы.

Пры гэтым у цэлым абстаноўка на Краснай плошчы – спакойная. Масквічы і госці сталіцы фатаграфуюць наваколлі, сядзяць у вулічных кафэ.

За апошнія тры дні Расею захлынула хваля званкоў з паведамленнямі аб закладзеных бомбах у розных рэгіёнах краіны. Толькі за 12 верасня такія паведамленні былі зафіксаваныя ў 22 гарадах.

У агульнай складанасці былі эвакуяваны больш за 45 тысяч чалавек з 205 аб’ектаў. Пры гэтым інфармацыя аб закладзеных прыладах ні разу не пацвердзілася.

Фота © REUTERS/Sergei Karpukhin