У Маскве пікетавалі пасольства Беларусі з-за арышту Пятра Рабава
У Маскве насупраць пасольства Беларусі 13 кастрычніка прайшла серыя адзіночных пікетаў у падтрымку асуджанага ў Баранавічах расійскага гісторыка і філосафа Пятра Рабава.
„Мы праводзім сем пікетаў, у руках плакаты тыпу „Лекцыя па гісторыі не злачынства” і „З якога часу філасофія забаронена”, — сказаў РБК арганізатар акцыі прафесар Інстытута ўсеагульнай гісторыі РАН Вадзім Дам’е. Паводле яго слоў, паліцыя нікога з удзельнікаў пікета не затрымлівала.
Як паведамлялася, расейскага гісторыка і філосафа Пятра Рабава 11 кастрычніка суд Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы прыгаварыў да шасці сутак арышту. Ён быў затрыманы ўвечары 10 кастрычніка ў Баранавічах, дзе мелася адбыцца яго лекцыя „Лібертарная сацыяльная думка апошняй трэці XX — пачатку XXI стагоддзя”. Аналагічную лекцыю 9 кастрычніка міліцыя сарвала ў Гародні, уварваўшыся ў Цэнтр гарадскога жыцця і затрымаўшы каля 20 чалавек, якіх праз некаторы час адпусцілі.
Ноч да суда Рабаў правёў у ІЧУ Баранавіцкага ГАУС. 11 кастрычніка яго даставілі ў суд і абвінавацілі ва ўчыненні правапарушэння па арт. 17.1 КаАП (хуліганства). Пасля абвяшчэння прыгавору аб арышце Рабаў абвясціў сухую галадоўку.
belapan.by
