У менскай бальніцы „хуткай” – 27 чалавек з халадовымі траўмамі



На 16 студзеня ў апёкавым аддзяленні для дарослых менскай Гарадской клінічнай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі (ГКБХМД) на стацыянарным лячэнні знаходзіцца 27 чалавек з халадовай траўмай рознай ступені цяжару, паведаміў БелаПАН выканаўца абавязкаў загадчыка аддзялення Дзмітрый Мазалеўскі.

Пацярпелыя — пераважна мужчыны працаздольнага ўзросту.

Паводле яго слоў, некаторыя з пацыентаў паступілі ў бальніцу яшчэ ў мінулым годзе, некага з іх чакаюць аперацыі па ампутацыі пашкоджаных участкаў рук і ног.

Мазалеўскі звярнуў увагу на тое, што з году ў год сітуацыя з колькасцю пацярпелых практычна не змяняецца. „Як толькі тэмпература апускаецца бліжэй да мінус 30°С, адразу ж пачынаюць паступаць пацыенты з адмаражэннямі, — сказаў ён. — У 90% выпадкаў людзі атрымалі халадовую траўму, знаходзячыся ў стане алкагольнага ап’янення”.

Паводле інфармацыі ГКБХМД, у цэлым у медустановах Менска з 6 па 9 студзеня халадовыя траўмы былі канстатаваныя ў 68 дарослых і 5 дзяцей. Шпіталізаваны 31 пацыент (з іх адно дзіця).

Нагадаем, у першы тыдзень студзеня ў Беларусі на некалькі дзён быў абвешчаны аранжавы ўзровень небяспекі ў сувязі з пахаладаннем. У ноч на 6 студзеня на большай частцы тэрыторыі краіны тэмпература паветра панізілася да мінус 25—27°С. Наступныя суткі ў некаторых раёнах рэспублікі начная тэмпература апускалася да мінус 28-32°С.

На гэтым тыдні сіноптыкі прагназуюць няўстойлівае ўмерана марознае надвор’е, у другой палове — пацяпленне да адлігі. У аўторак, 17 студзеня, тэмпература ноччу складзе мінус 4—10°С, пры праясненнях мінус 11—13°С, днём мінус 2—8°С. 18 студзеня тэмпература ўначы мінус 8—15°С, пры праясненнях да мінус 18°С; днём мінус 4—9°С.

У чацвер, 19 студзеня (на Вадохрышча), чакаецца ўмерана марознае надвор’е: ноччу мінус 5—11°С, па паўднёва-ўсходняй палове мінус 12—16°С, пры праясненнях да мінус 18°С; днём ад 0 па паўночным захадзе да мінус 7°С па поўдні.

belapan.by