У Менскай вобласці пачалася праверка тэрытарыяльнай абароны



У Менскай вобласці 11 сакавіка пачалася праверка сістэмы тэрытарыяльнай абароны, паведамляе прэс-служба Міністэрства абароны.

„Ва Узброеных сілах у межах другога этапу раптоўнай комплекснай праверкі праводзіцца праверка баявой гатоўнасці асобных органаў кіравання, злучэнняў і воінскіх часцей, у тым ліку і тэрытарыяльных войскаў, — заявіў у апублікаваным на сайце міністэрства відэакаментарыі першы намеснік міністра абароны — начальнік Генеральнага штаба ВС Аляксандр Вольфавіч. — Сёння непасрэдна з мэтай нарошчвання сіл і сродкаў, якія прыцягваюцца да праверкі, мы пачалі вырашэнне задач па праверцы асобных пытанняў тэрытарыяльнай абароны”.

„Непасрэдна сёння ўручанае распараджэнне Генеральнага штаба губернатару Менскай вобласці (старшыня Менаблвыканкама Аляксандр Турчын.) на фармаванне аднаго з раёнаў тэрытарыяльнай абароны і падраздзяленняў тэрытарыяльных войскаў, [прывядзенне] у поўную баявую гатоўнасць для выканання задач паводле прызначэння”, — дадаў ён.

Вольфавіч адзначыў, што пасля атрымання распараджэння Турчын „упэўнена пачаў працу ў адпаведнасці з алгарытмам”. „Гэта значыць, што сістэма працуе, тым больш што адна з задач, якую мы выносім на гэты этап, — гэта праверыць не столькі дзеянні службовых асоб, асабістага складу органаў і войскаў тэрытарыяльнай абароны, колькі ацаніць дзейснасць створанай сістэмы тэрытарыяльнай абароны па фармаванні падпарадкаваных падраздзяленняў і паводле вынікаў прыняць нейкія меры па ўдасканаленні гэтай сістэмы”.

У адпаведнасці з распараджэннем Генштаба ВС у Клецку будзе разгорнуты штаб раёна тэрытарыяльнай абароны і сфармаваны батальён тэрытарыяльных войскаў. Асабісты склад „павінен адпрацаваць пытанні аховы важных аб’ектаў, нясення службы на блокпастах, барацьбы з незаконнымі ўзброенымі фармаваннямі, забеспячэння рэжыму ваеннага становішча і вырашаць іншыя раптам узніклыя задачы”.

Войскі тэрытарыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь былі створаныя ў 2002 годзе. Гэта ірэгулярныя войскі, якія склікаюцца толькі на час вайны або ва ўмовах напружанага ваенна-палітычнага становішча. Яны фармуюцца з грамадзян, якiя адслужылі і знаходзяцца ў запасе, і маюць характар дапаможных войскаў.

Колькасць тэрытарыяльных войскаў Беларусі ацэньваецца ў 120 тысяч чалавек. Іх асноўнымі задачамі з’яўляюцца ахова і абарона аб’ектаў, забеспячэнне мабілізацыі ў выпадку вайны, выкананне асобных баявых задач разам з рэгулярнымі злучэннямі і часцямі Узброеных сіл для адбіцця ўзброенай агрэсіі, барацьба з дыверсантамі і незаконнымі ўзброенымі фармаваннямі, вядзенне партызанскай вайны на акупаванай праціўнікам тэрыторыі і інш.

Усяго ў краіне сем зон тэрытарыяльнай абароны, яны супадаюць з межамі шасці абласцей і Менска. Зонамі абароны кіруюць старшыні аблвыканкамаў і сталічнага гарвыканкама.

belapan.by