У Менску абмяркоўваюць стварэнне Нацыянальнага ўніверсітэта



Каля сарака чалавек бяруць удзел у канферэнцыі, прысвечанай стварэнню нацыянальнага ўніверсітэта з беларускай мовай навучання „Альбарутэнія”, якая праходзіць 25 лістапада ў Менску. Форум арганізаваны грамадскім аб’яднаннем „Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны” (ТБМ).

На адкрыцці канферэнцыі мадэратар сустрэчы першы намеснік старшыні ТБМ Уладзімір Колас выказаў надзею на тое, што форум „пакладзе пачатак працэсу рэальнага стварэння першага ўніверсітэта з беларускай мовай навучання”.

„Нам трэба вызначыць, якім будзе наш універсітэт, якія ў яго мэты, — сказаў ён. — Думаю, не варта ствараць яшчэ адну ВНУ, падобную да тых, што ўжо існуюць. Нацыянальны ўніверсітэт — гэта магчымасць зазірнуць у будучыню, стварыць нешта прынцыпова новае, сфармаваць акадэмічную супольнасць, якая дасць імпульс усяму грамадству, выпрацуе новыя стылі, філасофскія мадэлі светапогляду, прапановы па вырашэнні тых праблем, якія стаяць не толькі перад Беларуссю, але і чалавецтвам у цэлым”.

„Працэс глабалізацыі мадэлі грамадства спажывання, які культывуецца цяпер, не дае адказаў на выклікі, якія стаяць перад чалавецтвам. Думаю, у Беларусі ёсць што сказаць на гэты конт, у яе досыць інтэлектуальнага патэнцыялу, каб згенераваць прапановы ўсяму грамадству”, — дадаў Колас.

На працягу двух дзён удзельнікі канферэнцыі абмяркуюць місію нацыянальных універсітэтаў у XXI стагоддзі ў цэлым; акадэмічны профіль і даследчы характар нацыянальнага ўніверсітэта; ролю беларускай мовы, ідэнтычнасці і вышэйшай адукацыі ў сучаснай Беларусі і іншыя пытанні.

Арганізацыйны камітэт па стварэнні нацыянальнага ўніверсітэта з беларускай мовай навучання быў сфармаваны па ініцыятыве ТБМ у канцы 2015 года. У яго ўвайшлі прадстаўнікі розных грамадскіх і палітычных арганізацыяў Беларусі.

11 верасня Мінгарвыканкам зарэгістраваў офіс аргкамітэта па стварэнні універсітэта „Альбарутэнія” як структурнай адзінкі ТБМ у асобным памяшканні на вуліцы Шчарбакова, 32.

Аб’яднанне завяршае працу над канчатковай версіяй статута ўніверсітэта і збіраецца ў бліжэйшыя месяцы зарэгістраваць яго разам з назвай універсітэта. Пасля гэтага ТБМ зоймецца падрыхтоўкай дакументаў для атрымання ліцэнзіі на ажыццяўленне адукацыйнай дзейнасці.

belapan.by