У Менску адбылася ўстаноўчая сустрэча “Камітэту салдацкіх маці”



Зрабіць беларускую армію празрыстай для грамадства. У Менску адбылася ўстаноўчая сустрэча “Камітэту салдацкіх маці”, арганізаваная Цэнтрам грамадзянскіх ініцыятыў “Наш Дом”.

Гэтае мерапрыемства скіраванае на стварэнне грамадскай ініцыятывы, якая будзе бараніць найперш інтарэсы маці, якая адправіла свайго сына на вайсковую службу, кажа лідар “Нашага Дому” Вольга Карач:

– Бо любая маці, калі адпраўляе свайго сына ў армію, канешне чакае, што яе сын вернецца жывы-здаровы. І нічога з ім не здарыцца. Практыка паказвае, што з усіх трагічных выпадкаў Мінабароны не робіць высноў. І мы б хацелі, каб увага да тэмы трагічных смерцяў беларускіх салдатаў не гублялася.

Са словаў Вольгі Карач, голас беларускіх маці павінен быць пачуты Міністэрствам Абароны Беларусі і будзе спрыяць рэфармаванню беларускіх узброеных сілаў, каб яны былі больш празрыстымі для грамадскасці.

Павел Генадзіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск