У Менску адбыліся суды над удзельнікамі акцыі „Свабоду палітвязням!”



Першага сакавіка ў Менску нарэшце пачаліся суды над затрыманымі ўдзельнікамі акцыі “Свабоду палітвязням”, якая прайшла 26 лютага на Кастрычніцкай плошчы Менска.

Тады на плошчу выйшлі 10 чалавек, каб выказаць падтрымку зняволеным па палітычных матывах. Яшчэ да пачатку несанкцыянаванай акцыі каля свайго дома быў затрыманы палітык Павел Севярынец. Пасля акцыі затрымалі Вольгу Нікалайчык і Арцёма Чарняка. На наступны дзень быў затрыманы Леанід Кулакоў, а 28 лютага — Мая Навумава, паведамляе spring96.org.

Ранкам першага сакавіка стала вядома, што затрыманых вывезлі з ізалятара на суды. Паўла Севярынца павезлі ў суд Фрунзенскага раёна, астатніх чатырох актывістаў — у суд Цэнтральнага раёна.

На паседжанні па адміністрацыйнай справе Севярынца, якое пачалося ў 15.00, забаранілі фота і відэаздымку. Палітыка абвінавачвалі ў парушэнні артыкула 23.34 КаАП, а менавіта ў тым, што заклікаў удзельнічаць у акцыі 26 лютага.

У выніку Севярынца прызналі вінаватым і пакаралі 10 суткамі арышту.

Пра сваё затрыманне і суд распавядае Арцём Чарняк:

– Мяне затрымалі ў 18:40 каля крамы „Цэнтральная”. Каля ўваходу ў метро падышлі чатыры супрацоўнікі АМАП у цывільным. Сказалі: „Зараз дачакаемся спецтранспарту і завязем вас у Цэнтральны РАУС”. Потым прыехала машына, завезлі ў РАУС, дзе склалі пратакол і адвезлі мяне на Акрэсціна. Суд адбыўся вельмі хутка, я адмовіўся ад паказанняў і каментароў.

Арцёму Чарняку прысудзілі штраф у памеры 40 базавых велічынь. Маю Навумаву, Леаніда Кулакова і Вольгу Мікалайчык аштрафавалі на 45 базавых велічынь, альбо 1147,5 рубля. 

Беларускае Радыё Рацыя