У Менску адкрылі знак „Беларусам замежжа”



Беларусы замежжа цяпер маюць свой памятны знак у Менску. У самым цэнтры беларускай сталіцы, у гістарычнай яго частцы – Траецкім прадмесці, на беразе Свіслачы ўрачыста адкрылася скульптурная кампазіцыя «Беларусам замежжа».

Памятны знак вытрыманы цалкам у беларускім нацыянальным стылі, кажа карэспандэнт Беларускага Радыё Рацыя Павел Генадзіч.

Скульптурная кампазіцыя пад назвай «Беларусам замежжа» ўяўляе сабой трохметровы памятны знак у форме купальскага кола, якое абвязана ручніком з нацыянальным арнаментам. Падчас урачыстай прамовы міністр замежных спраў Уладзімір Макей зазначыў, што гэты памятны знак «сімвалізуе нялёгкі шлях дачок і сыноў Беларусі, якія праз розныя абставіны аказаліся ў розных месцах свету, але захавалі любоў да Радзімы».

Адкрыццё памятнага знака “Беларусам замежжа” было прыўрочанае да пачатку Трэцяга фестывалю мастацтваў беларусаў свету, які праходзіць зараз у Менску. У мерапрыемстве ўзялі ўдзел міністр замежных спраў Уладзімір Макей, міністр культуры Барыс Святлоў, старшыня Менгарвыканкама Андрэй Шорац ды іншыя афіцыйныя асобы.

Беларускае Радыё Рацыя, Менск