У Менску адлічылі студэнтку за два тыдні каранціну



Студэнтку чацвёртага курса Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта Лізу Пракопчык адлічылі пасля таго, як яна два тыдні прытрымлівалася каранціну. Гэта было палічана пропускам заняткаў без паважнай прычыны.

Рэктар МДЛУ Наталля Баранава ў інтэрв’ю tut.by сказала, што ў студэнткі і раней былі вымовы за пропускі заняткаў і таму яе адлічэнне не звязана з палітычнымі матывамі.

Але сама Ліза Пракопчык з гэтым нязгодная:

– Канешне, я разумею, што сама вінаватая, бо не прысутнічала на занятках і ў мяне ўжо былі перад гэтым вымовы. Але я разумею, што і тыя папярэднія вымовы мне таксама давалі таму, што я ўжо даволі даўно займаюся актывісцкай дзейнасцю. За мной сочаць больш пільна, чым за іншымі студэнтамі. Я таксама гэта разумела. У нашага кіраўніка БРСМу факультэта вельмі шмат папярэджанняў за тое, што ён прагульвае шмат заняткаў, але ніводнай вымовы.

Ліза Пракопчык з’яўляецца сябрам Рады Заадзіночання беларускіх студэнтаў (ЗБС). Яна была сярод тых, хто ладзіў забастоўкі з 20 па 23 сакавіка аб увядзенні каранціну ў Менскім лінгвістычным універсітэце.

Сама студэнтка плануе аспрэчваць сваё адлічэнне.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота з сацыяльнай сеткі Лізы Пракопчык