У Менску дыскутавалі пра перспектывы развіцця штучнага інтэлекту



У менскім бізнес-клубе Imaguru прайшла дыскусія «Як Беларусі стаць сусветным цэнтрам па распрацоўцы штучнага інтэлекту». На абмеркаванне спікераў і прысутных вынеслі праблемы адсутнасці адпаведнай падрыхтоўкі маладых спецыялістаў у беларускіх ВНУ, пошук інвестараў. Размаўлялі таксама і пра сферы, у якіх выкарыстанне штучнага інтэлекту можа стаць найбольш перспектыўным.

«Пра штучны інтэлект трэба размаўляць з шырокімі коламі, бо не ўсе разумеюць, што менавіта месціцца за гэтым азначэннем», — кажа прадстаўнік кампаніі «InData Labs» і адзін са спікераў дыскусіі Дзяніс Пірштук:

— Аніводзін чалавек не ведае ўсіх дадзеных сусветных дасягненняў.У штучнага інтэлекта адна з задач — замяніць чалавека ў руцінных працах, але па-другое, стаць дапамогай.

Іншы эксперт, дырэктар «AIMatter» ды распрацоўшчык у сферы штучнага інтэлекту Юрый Мельнічак назваў стварэнне станоўчага іміджу краіны адным з важных фактараў на шляху да супрацы з замежнымі інвестарамі.

— Палітыка адкрытага неба зможа ўзмоцніць той станоўчы эфект, які дала адмена віз. Калі дазволіць замежным кампаніям свабодна прылятаць у Менск без квот. Я ўпэўнены, што гэта дасць прыток новых турыстаў і бізнес-турыстаў у нашу краіну.

Мерапрыемства сабрала вялікую колькасць наведвальнікаў, найбуйнейшая пляцоўка клуба ледзьве здолела змясціць усіх жадаючых. Пасля афіцыйнай часткі дыскусіі прысутныя мелі магчымасць прыватна паразмаўляць са спікерамі і атрымаць адказы на свае пытанні.

1

2

3

Алена Вільтоўская, Беларускае Радыё Рацыя, Менск

Фота аўтара