У Менску хутка пачнуць будаваць першы ў Беларусі лыжны манеж



У лістападзе Менгарвыканкам выдзеліў участак зямлі для будаўніцтва крытага манежа для катання на бегавых лыжах каля ракі Свіслач за Вярхоўным судом. Пра гэта паведамляе Realt са спасылкай на дадзеныя Адзінага дзяржрэгістра нерухомай маёмасці Беларусі. Па дадзеных выдання, забудоўшчыку ўжо выдалі дазвол на вытворчасць будаўніча-мантажных работ, будаўніцтва пачнецца ў 2022 годзе.

Манеж размесціцца побач з паркам забаў «Дрымлэнд»: паміж новым будынкам Вярхоўнага суда і Свіслаччу. Інвестарам будаўніцтва стала кампанія «Скібудінвест».

У лістападзе 2021 года ў Адзіным дзяржаўным рэгістры нерухомай маёмасці з’явілася інфармацыя аб выдзяленні ўчастка плошчай 5,3 га для будаўніцтва аб’екта «Усесезонны крыты манеж для катання на бегавых лыжах у раёне вул. Арлоўскай у г. Менску». Падстава – рашэнне Менгарвыканкама ад 21.10.2021 года.

Права часовага карыстання перададзена ТАА «Скібудінвест» тэрмінам да лістапада 2022 года. Цяпер кампанія «Скібудінвест» рэалізуе праект ВК «Белыя сады» на Чыгуначнай.

Раней заказчыкам будаўніцтва крытага лыжнага манежа выступаў Нацыянальны алімпійскі камітэт, але ў канцы студзеня 2020 года па даручэнні Лукашэнкі ім стала кампанія „Скібудінвест”. Інвестарамі будаўніцтва лыжнага манежа ў 2019 годзе выступалі менскія забудоўшчыкі „Саўаўта Інвест” і „Інтэхнабуд Інвест”. Узамен гэтага яны па даручэнні Лукашэнкі без аўкцыёну атрымалі права забудаваць шматпавярховым жыллём участкі на Захарава, Чыгуначнай і Ваўпшасава.

Згодна з тлумачальнай запіскай да перадпраектных візуалізацый лыжнага манежа, яго плошча складзе каля 23 тысяч квадратных метраў. Унутры размесціцца лыжная траса даўжынёй 1,35 кіламетра на трох узроўнях, спуск для сноўборда вышынёй 13,2 метра і лядовая пляцоўка для катання на каньках на прыкладна 300 „квадратаў”.

У так званай снежнай зоне круглы год будзе падтрымлівацца тэмпература каля мінус 4 градусаў. Снег будзе выпрацоўвацца снегагенератарамі, а траса будзе падрыхтоўвацца дызельным ратракам.

Па інфармацыі крыніцы Realt, забудоўшчыку ўжо выдалі дазвол на вытворчасць будаўніча-мантажных работ. Цяпер ідзе выбар падрадчыка. Будаўніцтва пачнецца ў 2022 годзе. Па дадзеных выдання, манеж будзе практычна такім жа, як і на перадпраектных візуалізацыях.