Марш жанчын у Менску скончыўся затрыманнямі



Па дадзеных беларускіх праваабаронцаў, падчас жаночага маршу ў Менску было затрымана не менш за 390 чалавек. Спісы затрыманых публікуе праваабарончы сайт spring96.org.

Людзі, якіх не затрымалі ля ГЦ «Айсберг» сталі ў ланцуг салідарнасці на Сурганава.

***

Аўтазакі і мікрааўтобусы пад крыкі «Ганьба!» з’язджаюць ад ГЦ «Айсберг».

У 17 гадзінаў на тэрыторыі каля ГЦ «Айсберг» амаль не засталося нікога з удзельніц акцыі – большасць з іх у аўтобусах і аўтазаках, паведамляе карэспандэнт TUT.BY.

Падчас затрыманняў людзі ў форме паводзілі сябе з дзяўчатамі ветліва.

– Не правакуйце супрацоўнікаў, калі ласка, праходзім у аўтазакі, – звяртаўся да дзяўчат адзін з іх.

Хтосьці з дзяўчат выйшаў са счэпкі і пайшоў у бок машыны.

– Мы ішлі на спатканне, – казалі людзям у форме дзве дзяўчыны.

– Дык дзе вашы хлопцы? – удакладнялі людзі ў форме і пазней праводзілі дзяўчат да аўтобуса.

***

Сённяшні марш быў заяўлены як „бліскучы” — жанчын заклікалі прыходзіць на яго ў яскравай вопратцы, з яскравымі транспарантамі, упрыгожыўшы сябе бліскавінкамі.

Збор адбываўся а 15-й на Камароўцы.