У Менску мітынгавалі за дэкрыміналізацыю канопляў



Маніфестацыю правялі ў апошні дзень выбарчай агітацыі ля ўніверсаму “Цэнтральны”.

Прысвяціць гэтай тэме свой апошні пікет вырашыў Мікіта Краснакуцкі, кандыдат на мясцовых выбарах ад Партыі БНФ:

– Выкарыстоўваю магчымасць агітацыі, каб даць магчымасць выказацца маім сябрам наконт праблемы 328 – дэкрыміналізацыі марыхуаны. Гэта істотная рэч, па гэтым артыкуле сядзяць каля 12 тысяч чалавек, сярод якіх моладзь, што папаліла адзін раз і апынулася за кратамі.

Удзельнікі пікету раздавалі мінакам улёткі. А таксама прапаноўвалі падпісаць адмысловы зварот у дзяржаўныя органы з просьбай пра змену заканадаўства. Шматгадовыя турэмныя тэрміны не вырашаць праблемы наркаманіі, а толькі зламаюць жыццё маладым людзям. Перакананы кіраўнікі медыяслужбы грамадскага руху “Дзея” Пётр Маркелаў:

Большасць з іх – гэта простыя спажыўцы псіхаактыўных рэчываў, гэта людзі, якія не здзяйснялі гвалтоўных злачынстваў. На нашу думку, гэтая праблема з’яўляецца адной з самых важных і актуальных у беларускім грамадстве. Людзей проста пазбаўляюць волі на велізарныя тэрміны – гэта вялікае гора для іх, блізкіх, для сямей і сяброў.

Акцыя адбывалася спакойна. За пікетам сачылі людзі ў цывільным, якія здымалі пікет на камеру і не ўмешваліся ў яго правядзенне.

Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя