У Менску можа з’явіцца сквер Пагулянка і вуліца Лепельская



Камісія па найменні і перайменаванні праспектаў, вуліц, плошчаў і іншых складовых частак Менска прапануе назвы для некалькіх аб’ектаў сталіцы. Менчукі могуць выказаць свае меркаванні на працягу двух тыдняў.

Праезд без назвы ад Даўгінаўскага тракту да ДУ «Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр пульманалогіі і фтызіятрыі» (Даўгінаўскі тракт, 157) можа насіць назву «вуліца Лепельская» (у гонар горада Лепеля, які знаходзіцца на поўнач ад Менска ў гэтым кірунку).

Назву «Сквер Пагулянка» прапануецца прысвоіць скверу ў межах вул. Матусевіча і Ляшчынскага (па назве хутара і вёскі, якія існавалі на гэтым месцы ў першай палове XX стагоддзя).

Сквер на вул. Якубоўскага можа насіць аднайменную назву ў гонар І. І. Якубоўскага, чый помнік-бюст там усталяваны.

Паркавую зону ў межах вул. К. Цэткін, Іерусалімскай, Гебелева, Калектарнай прапануецца назваць «Яўрэйскім мемарыяльным паркам»: на гэтай тэрыторыі ў канцы XIX-XX стст. размяшчалася яўрэйскія могілкі.

Упраўленне культуры Менгарвыканкама (220006, г. Менск, вул. Маякоўскага, 22, корп. 2) прымае меркаванні жыхароў горада па прапанаваных назвах на працягу двух тыдняў да 12 лістапада.

zviazda.bу