У Менску на Нямізе абвалілася частка пешаходнага моста



Ноччу абрынулася пешаходная частка моста праз вуліцу Няміга ў Менску. Рух транспарту цалкам перакрыты.

Фота: МНС Беларусі

Здарэнне адбылося глыбокай ноччу. Ратавальнікі МНС прыехалі на месца разбіраць завалы. Яны паведамляюць, што пацярпелых няма. Прычыны і абставіны здарэння высвятляюцца.

„Папярэдняя версія абрынання пешаходнай часткі моста праз вуліцу Няміга ў Менску — стомленасьць канструкцый (у сувязі з працай метро і падвышанай нагрузкай з прычыны скокаў тэмпэратур. Усе канструкцыі пуцеправода правераць максімальна аператыўна і старанна. Высвятляецца, хто і калі праводзіў экспертызу зносу канструкцый і даваў заключэнне аб іх прыдатнасці да эксплуатацыі”, — заявіў намеснік старшыні Менгарвыканкама Аляксандар Дараховіч.

Прэс-служба сталічнай ДАІ папярэджвае, што ў сувязі з абвальваннем моста закрыты рух усіх відаў транспарту, у тым ліку і грамадскага, на наступных участках дарог:

– па вуліцы Няміга ад вуліцы Гарадскі Вал да вуліцы Янкі Купалы;- па вуліцы Леніна ад праспекта Незалежнасці да вуліцы Мельнікайтэ.

Удзельнікаў дарожнага руху просяць улічваць гэтую інфармацыю пры выбары маршрута, быць уважлівымі і прытрымлівацца правілаў дарожнага руху.

„Менсктранс” паведаміў пра змяненне шэрагу маршрутаў гарадскога транспарту.

Апошні раз капітальны рамонт пуцеправода праводзілі ў 2017 годзе. Кошт яго тады склаў каля 3 мільёнаў рублёў.