У Менску збілі куратара стрыт-арт-супольнасці Signal



Збіты невядомымі ў Менску куратар стрыт-арт-супольнасці Signal Алег Ларычаў звярнуўся ў міліцыю з заявай знайсці нападнікаў і прыцягнуць іх да крымінальнай адказнасці.

Ларычаў быў збіты 4 красавіка двума невядомымі ў пад’ездзе дома, дзе ён жыве. „Каля пад’езда стаяў чалавек і нешта няправільна набіраў на дамафоне. Я падышоў, набраў нумар сваёй кватэры і зайшоў. Ён зайшоў за мной, абагнаў мяне, і ў гэты час нехта ззаду збіў мяне з ног. Мяне пачалі малаціць па галаве. Потым я ачуняў, дабраўся да кватэры. Нібыта нічога не прапала”, — сказаў Ларычаў.

Пасля ён быў дастаўлены ў бальніцу, дзе яму дыягнаставалі чэрапна-мазгавую траўму. „Бачных пераломаў няма. Доктар гарантаваць нічога не можа. Прапаноўвалі шпіталізацыю, але я адмовіўся. На працягу трох дзён трэба сачыць за станам здароўя”, — паведаміў Ларычаў.

Ён звязвае сваё збіванне з асвятленнем акцыі аб з’яўленні постараў вядомых дзяржслужачых. У апошні час на старонцы суполкі Signal у сацыяльных сетках публікаваліся фота розных графіці, прысвечаных высокім беларускім чыноўнікам.

Так, 27 сакавіка на сцяне ў цэнтры Менска з’явіліся графіці з выявай міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча ў форме НКУС. Побач надпіс: „Гэта я ганаруся формай і метадамі НКУС”. Таксама ў гэты дзень былі размешчаны графіці з выявай камандзіра мінскага АМАПа Дзмітрыя Балабы з подпісам: „Гэта я кірую разгонамі мірных сходаў грамадзян. За вашыя грошы”.

Падобныя да гэтых графіці таксама былі прысвечаны Міхаілу Мясніковічу і Марыяне Шчоткінай, якіх называлі аўтарамі рэзанансных рашэнняў — дарожнага збору і дэкрэта № 3.

belapan.by