У Менску пабіты тэмпературны рэкорд 105-гадовай даўніны
Тэмпературны рэкорд дня 105-гадовай даўніны пабіты ў Менску 4 чэрвеня.
Згодна з аператыўнай картай максімальных тэмператур Белгідрамета, размешчанай на рэсурсе meteoinfo.by, паветра ў сталіцы прагрэлася да 29 градусаў. Ранейшы экстрэмум, як сведчыць архіў метэаслужбы, складаў 28 градусаў і быў зафіксаваны 4 чэрвеня 1913 года.
Абнавіліся таксама рэкорды ў Магілёве — 29,7 градуса вышэй за нуль (было 27,2 у 1971 годзе) і Гомелі — 28,8 (28,5 у 1982-м).
Цяплей за ўсё было ў раёне метэастанцыі „Палеская” на ўсходзе Берасцейскай вобласці — 29,9. Тут таксама абнавіўся максімум (было 28,9 у 1998 годзе).
Рэкорд дня складае 31,9 градуса, ён быў зафіксаваны яшчэ ў 1901 годзе ў Мар’інай Горцы (цяпер Менская вобласць).
30 траўня ў сталіцы не ўтрымаўся тэмпературны рэкорд 101-гадовай даўніны (29,4 градуса супраць 28,8 у 1917 годзе).
