У Менску пабіты тэмпературны рэкорд дня 90-гадовай даўніны
19 гадоў таму
Дзявяты дзень анамальнай спякоты прынёс яшчэ 23 рэкорды на беларускіх метэастанцыях, іх агульная колькасць за гэты перыяд узрасла да 146, сведчыць праведзены БелаПАН параўнальны аналіз аператыўных і архіўных дадзеных Белгідрамета на рэсурсе meteoinfo.by.
16 ліпеня ў Менску перакрыты абсалютны максімум дня за ўвесь перыяд метэаназіранняў — 33,3 градуса вышэй за нуль супраць 33 у 1931 годзе.
Абнавіліся экстрэмумы ў Берасці — 34,1 (33,5 у 2001 годзе), Віцебску — 34 (33,1 у 2010-м), Магілёве — 34 (33,5 у 1951-м), Гомелі — 33,7 (33,4 у 2010-м).
Гарачэй за ўсё было ў Драгічыне — 35,4 градуса цяпла, абсалютны рэкорд дня — 36,1 градуса 16 ліпеня 1994 года ў Стоўбцах.
Чакаецца, што паніжэнне тэмпературы пачнецца 18 ліпеня.
