У Менску адбыўся VII з’езд беларусаў свету



На З’ездзе беларусаў свету, нягледзячы на разнастайнасць яго ўдзельнкаў, якія маюць розныя погляды і перакананні, адчуваецца згуртаваная сіла.

Так лічыць дэпутат Палаты прадстаўнікоў, намесніца старшыні Таварыства беларускай мовы Алена Анісім:

– Таму ў мяне пазітыўны настрой. І я бачу агульны настрой усіх беларусаў працаваць дзеля Бацькаўшчыны. Не проста размаўляць, а знаходзіць нейкія канкрэтныя формы, метады працы. Вельмі добра, што ўсе дэлегаты імкнуцца распавесці пра тое, што, дзе, у якой краіне робіцца. Агучваць і тыя праблемы, якія ёсць.

Нам трэба ведаць і праблемы, калі мы хочам, каб Беларусь стала той прыцягальнай Маці – краінай, у якую будуць імкнуцца прыехаць беларусы з розных куткоў свету хоць на дзень ці тыдзень, а можа быць, і назаўжды. Таму вельмі важана адкрытая і шчырая размова, якая адбываецца на з’едзе. Размова з прыцэлам на вынік, – сказала Алена Анісім. 

Па словах прафесара, гісторыка, былога дэпутата Вярхоўнага савету 12 склікання Валянціна Голубева, гэта важнае мерапрыемства і для эміграцыі, і для грамадзянаў Беларусі, і для беларускіх уладаў. Таму што зараз нацыянальныя дзяржавы ва ўсім свеце адчуваюць велізарны ціск як з боку больш моцных дзяржаў, так і з боку рэлігійных структураў, вайсковых аб’яднанняў:

– Мы як 500 гадоў таму, так і сёння знаходзімся на разломе паміж Еўропай і Азіяй. Я не хачу гаварыць ні пра якую Еўразію.  ЕўрАзЭС  – азіяцкі саюз, ён супрацьстаіць Еўрапейскаму саюзу. У гэтым саюзе ідзе Расея. І мы бачым, што сёння яна ва ўсім свеце паставіла за мэту аднавіць свае пазіцыі як гегемона, на нашых прасторах у тым ліку.

Побач з намі прыклад гэтай палітыкі – Україна, і мы бачым, як Расея паступіла, – кажа прафесар Валянцін Голубеў. Але бачыць гэта і кіраўніцтва Беларусі. Яно вымушана ратаваць і сябе, і дзяржаву. І зараз яму неабходна падтрымка. І  чым большая колькасці людзей дасць гэтую падтрымку, тым лепш. І аб’ектаўна атрымалася, што інтарэсы шмат якіх, здаецца, антаганістычных сілаў у Беларусі супалі: галоўнае – гэта захаваць беларускую дзяржаву. Таму Валянцін Голубеў лічыць,  што вынікі сустрэчы беларусаў свету ў Менску будуць карыснымі як для развіцця ўнутры краіны, так і для развіцця беларускаай дыяспары.

Чарговы, 7 – мы З’езд беларусаў свету істотна адрозніваецца ад папярэдніх, – лічыць старшыня Згуртавання беларусаў свету „Бацькаўшчына” Алена Макоўская. Сусветныя тэндэнцыі моцна ўплываюць на Беларусь і на дыяспару. Свет усё больш глабалізуецца. Расце колькасць дыяспар. Паступова мяняецца іх ацэнка з боку ўладаў і грамадства розных краінаў. 

Алена Макоўская (злева)

Калі раней лічылася, што эміграцыя – гэта негатыўны фактар, то зараз дзяржавы навучыліся з гэтым працаваць. Яны сталі працаваць з гэтымі людзьмі, як са сваеасаблівымі пасярэднікамі, экспертамі, носьбітамі ведаў, прадстаўнікамі мяккай сілы, ці іміджмейкерамі, – кажа Алена Макоўская:

– Калі мы не хочам пераўтварыцца ў правінцыю, а не цэнтр Еўропы, як мы пра гэта заяўляем, калі мы не хочам выпадаць з гэтых сусветных працэсаў, нам трэба максімальна інтэнсіфікаваць узаемадзеянні з беларускай дыяспарай. Так, мы маем сувязь з арганізацыяй беларускай дыяспары. Але мы таксама сведчым пра тое, што каля 3-4 мільёнаў беларусаў жывуць у розных краінах свету і нармальнага, сістэмнага вывучэння што гэта за людзі, не робіцца. І грамадскімі высілкамі зрабіць гэта надзвычай складана.

Таму вельмі важна, каб да гэтай працы падключаліся дзяржаўныя інстытуты, каб арганізаваць сістэмную працу. Як сведчыць міжнародны досвед, шмат пры якіх урадах і парламентах для супрацы з дыяспарамі ствараюцца адмысловыя самастойныя структуры. І гэта  дае плённы вынік. І яшчэ адзін важны фактар – гэта пабудова даверу. З-за савецкай спадчыны такі недавер да тых, хто жыве за мяжой, у Беларусі пакуль яшчэ не пераадолены. Таксама як і недавер з боку часткі дыяспары да ўлады краіны. Таму вельмі важна дабівацца, каб людзі не падзяляліся па палітычных поглядах, па лаяльнасці, а працавалі разам, – лічыць Алена Макоўская.

Беларусь з’яўляецца краінай з найбагацейшай гістарычнай спадчынай, векавечнай духоўна-маральнай традыцыяй і невычэрпным творчым патэнцыялам, адзначыў міністр замежных спраў Уладзімір Макей, выступаючы 15 ліпеня на VII з’ездзе беларусаў свету.

Міністр замежных  справаў Беларусі адзначыў, што ў свядомасці грамадзянаў краіны адносна пытання аб яе незалежнасці адбыліся якасныя змены. „Нарадзілася ўжо некалькі пакаленняў, якія жывуць у самастойнай незалежнай дзяржаве. У іх ужо свае погляды на жыццё  і свае меркаванні наконт будучыні нашай дзяржавы. І нават сухая лічба, што зараз больш за 70 адсодкаў насельніцтва хоча жыць у незалежнай дзяржаве, многае значыць. Адбыліся якасныя змены і яны павінны атрымаць сваё далейшае развіццё,” – сказаў Уладзімір Макей.

– Па рознай інфармацыі, ад трох да чатырох мільёнаў нашых суайчыннікаў пражываюць за мяжой. Гэта магутная і велізарная сіла, здольная адстойваць і прасоўваць інтарэсы народа Беларусі і мацаваць незалежнасць дзяржавы. Дарагія сябры, я спадзяюся, што ва ўсіх нас адная мэта: ўмацаванне і росквіт нашай роднай зямлі  – Рэспублікі Беларусь!

Хоць мы ўсе розныя,  у кожнага свой полгляд на жыццё і развіццё краіны, – гэта нармальна. Але ва ўсіх нас галоўная мэта адна, –  не толькі  захаванне, але і ўмацаванне незалежнасці нашай дзяржавы. Гэта патрабуе ад нас, і грамадзян Беларусі і беларусаў замежжа, аб’яднацца перад наяўнасцю як знешніх, так і ўнутраных выклікаў, – сказаў Уладзімір Макей.   

Апрача кіраўніка знешнепалітычнага ведамства, сярод ганаровых гасцей з’езда ўпаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей Леанід Гуляка, намеснік міністра культуры Васіль Чэрнік, намеснік міністра інфармацыі Алесь Карлюкевіч, кіраўнікі дыпламатычных місій Вялікабрытаніі і Украіны; прадстаўнікі Адміністрацыі прэзідэнта, Міністэрства адукацыі, Міністэрства эканомікі, Беларускага экзархата Рускай праваслаўнай царквы, Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы, Рымска-каталіцкага касцёла, Беларускай грэка-каталіцкай царквы, мусульманскай супольнасці Беларусі.

Добра, што ў апошні час дзякуючы і вашым намаганням гэтыя традыцыі ўсё мацней пачынаюць гучаць у нашым грамадстве„, — звярнуўся Уладзімір Макей да прадстаўнікоў беларускіх дыяспар замежжа.

Міністр адзначыў, што ў Беларусі ў апошнія гады „адрадзіліся традыцыі беларускай вышыванкі”, арнаменты якой сімвалізуюць „мір, дабро і згоду, што заўсёды было галоўным для беларусаў”. Ён станоўча ацаніў той факт, што „гэтыя традыцыі знаходзяць сёння глыбокі водгук у моладзі і з вялікі энтузіязмам падтрымліваюцца беларусамі замежжа”.

Вельмі важна, што нарадзілася ўжо некалькі пакаленняў, якія жывуць у самастойнай незалежнай дзяржаве, — падкрэсліў кіраўнік МЗС. — Яны ўжо маюць свае погляды на жыццё, свае меркаванні наконт будучыні нашай дзяржавы. Нават тое, што сёння больш за 70% падтрымліваюць існаванне самастойнай Беларусі і хочуць жыць у незалежнай Беларусі, — гэта шмат значыць. Лічу, што гэта якасныя змены, гэта павінна атрымаць сваё далейшае развіццё.

Так выйшла, што мы з вамі сёння жывем у розных краінах, у розным культурным асяроддзі. Але ёсць тое, што аб’ядноўвае ўсіх нас, што з’яўляецца нябачнай, але вельмі актуальнай повяззю для ўсіх нас, — любоў да Беларусі, яе культуры, традыцый, духоўнай спадчыны.

Я спадзяюся, кожны з нас адчувае сваю далучанасць да падзей, якія адбываюцца ў Беларусі. Упэўнены, што кожны хоча ўнесці свой унёсак ва ўмацаванне дабрабыту краіны і яе народа, развіццё адносін Беларусі і вашай новай радзімы„, — цытуе дыпламата БелаПАН.

Макей паведаміў, што толькі за мінулы год адбылося каля 500 разнастайных сумесных мерапрыемстваў з удзелам беларусаў замежжа і нацыянальных культурных аб’яднанняў Беларусі. Такая супраца, лічыць ён, „працуе на збліжэнне між дзяржавамі і пашырэнне інфармацыі пра Беларусь”.

Стратэгія развіцця беларускай нацыі і дзяржаўнасці, а таксама ўзаемадзеянне з беларускім замежжам стануць галоўнымі тэмамі VII з’езда беларусаў свету, які пройдзе 15-16 ліпеня ў Менскім міжнародным адукацыйным цэнтры імя Ёханэса Рау.

Арганізатар з’езда — міжнароднае грамадскае аб’яднанне „Згуртаванне беларусаў свету „Бацькаўшчына”.

Вядома, што на з’езд дэлегавана больш за 300 прадстаўнікоў замежнай дыяспары і беларускіх НДА. Запрашэнне на форум атрымалі прадстаўнікі рэлігійных арганізацый, дзяржаўных органаў улады, акрэдытаваныя ў Беларусі замежныя дыпламаты.

Падрабязней з Менска – наш карэспандэнт:

Ужо пачалася нарада з’езда. У Менск прыехалі дэлегаты з 18 краін свету. Сярод удзельнікаў з’езду я бачу ў зале міністра замежных спраў Уладзіміра Макея. Людзей шмат. Не так даўно толькі скончылася рэгістрацыя ўдзельнікаў. Дакладнымі лічбамі я пакуль што не валодаю, але зала дэлегатаў поўная.

РР: Можа, раней ты сачыў за беларускімі афіцыйнымі СМІ, і тое, што сёння міністр замежных спраў прымае ўдзел у з’ездзе, сведчыць пра тое, што змяняецца стаўленне ўладаў да беларускай дыяспары, беларусаў замежжа? Бо дагэтуль яно было, мякка кажучы, нездавальняючае. Гэта кажу я як беларус замежжа.

Так, пагаджуся цалкам, што, беручы пад увагу пацяпленне ў дачыненнях паміж афіцыйным Менскам і краінамі Захаду, відавочна, адбіваецца на тых кроках, якія робяць беларускія ўлады ў бок беларускай дыяспары. І сапраўды ёсць надзеі, што гэтыя сувязі паміж Беларуссю і беларускай дыяспарай будуць толькі паглыбляцца. А тое, што міністр замежных спраў бярэ ўдзел у сёмым з’ездзе – гэта паказчык таго, што ўлада ўсё ж робіць крокі насустрач. Адзінае пытанне: як гэтыя крокі можна ацэньваць? Тут пакажа час.

РР: Ты на месцы. Скажы, які настрой дэлегатаў? Ці з аптымізмам глядзяць на гэты з’езд, на гэтую падзею ў будучыні?

Зразумела, што людзі з узнёслым настроем. Многія даўно не бачылі адзін аднаго. Адчуваецца аптымізм і ёсць спадзяванні ў дэлегатаў, што гэты з’езд можа паўплываць на тое, што сувязі з беларускай дыяспарай будуць паглыбляцца. З’езд мае прыняць доўгатэрміновыя дакументы. І тое, што ў сёмым з’ездзе беларусаў свету бяруць удзел прадстаўнікі афіцыйнай улады, дае надзею на тое, што гэта не будуць толькі пустыя словы.

Беларускае Радыё Рацыя, Менск

Фота Улі Шубзды