У Менску праходзіць суд па „справе антыфашыстаў”



У судзе Першамайскага раёна Менска пачаўся працэс па справе фанатаў футбольнага клуба „Партызан”, якія прытрымліваюцца антыфашысцкіх поглядаў. Іх абвінавачваюць у хуліганстве. Двум фігурантам прад’яўлена таксама абвінавачанне ў захоўванні і распаўсюджванні наркотыкаў.

Справа разглядаецца пад старшынствам суддзі Дзмітрыя Цыкалы, вядомага па справе былога генеральнага дырэктара хакейнага клуба „Дынама” (Менск) Максіма Суботкіна.

У будынку суда яшчэ да пачатку працэсу была выстаўлена ўзмоцненая ахова. На паркоўцы дзяжурылі супрацоўнікі ДАІ, якія не дазвалялі аўтамабілям пад’ехаць да будынка суда. У самім судзе ахвотных прысутнічаць на працэсе старанна агледзелі супрацоўнікі міліцыі ў цывільным. Некалькі чалавек прымусілі распрануцца і зняць майкі з надпісамі „Рэвалюцыя свядомасці”. Усё гэта міліцыянеры здымалі на відэа. Зала суда не змясціла ўсіх ахвотных прысутнічаць на працэсе.

На лаве падсудных шэсць чалавек: Ілля Валовік, Вадзім Бойка, Філіп Іваноў, Дзмітрый Цехановіч, Арцём Краўчанка і Андрэй Чартовіч. Апошнім двум прад’яўленыя абвінавачанні не толькі ў хуліганстве (ч.2 арт. 339 КК, ч.3 арт. 339 КК), але і ў незаконным абароце наркотыкаў (ч.1 арт. 328 КК, ч.3 арт. 328 КК). Валовіка акрамя хуліганства абвінавачваюць таксама ў арганізацыі незарэгістраванай грамадскай арганізацыі, якая робіць замах на асобу, правы і абавязкі грамадзян (ч. 2 арт. 193 КК).

Паводле версіі следства, у чэрвені 2014 года абвінавачваныя справакавалі бойку з фанатамі „футбольнага клуба” Тарпеда, якія вядомыя ультраправымі поглядамі. Бойка здарылася на прыпынку грамадскага транспарту. Фанаты „Партызана”, як адзначана ў абвінавачанні, на машынах блакавалі тралейбус, у якім знаходзіліся іх праціўнікі, забеглі ў салон, разбілі шкло, пашкодзілі корпус транспартнага сродку, распылілі слезацечны газ, а таксама нанеслі мноства удараў фанатам „Тарпеда”.

Першапачаткова было затрымана 10 чалавек, але пазней іх усіх вызвалілі, бо яны не мелі дачынення да інцыдэнту. У 2015 годзе за справу ўзяліся аператыўнікі Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС. Вясной 2016 года ў кватэрах фігурантаў прайшлі ператрусы. Былі затрыманыя Валовік, Бойка, Цехановіч і Іваноў. Паводле даных паплечнікаў абвінавачаных, паказанні супраць іх далі Краўчанка і Чартовіч, затрыманыя раней за незаконны абарот наркотыкаў.

Усе фігуранты крымінальнай справы ўтрымліваліся пад вартай, аднак у дачыненні да Цехановіча і Іванова мера стрымання была змененая, яны зараз знаходзяцца на волі.

Пацярпелыя на сённяшняе пасяджэнне не з’явіліся.

belapan.by