У Менску пачнуць змаганне з дзьмухаўцамі



Чысціць газоны ад пустазелля будуць пры дапамозе новага гербіцыду. Пра гэта карэспандэнту агенцтва «Мінск-Навіны» паведаміла кіраўнік службы па добраўпарадкаванні і ўтрыманні аб’ектаў зялёнай гаспадаркі УП «Мінскзелянбуд» Анжаліка Пузанкова.

Навукоўцы з Інстытута эксперыментальнай батанікі імя В. Ф. Купрэвіча НАН Беларусі распрацавалі для менскіх азеляніцеляў рэкамендацыі, як ужываць на гарадскіх газонах прэпараты, што перашкаджаюць росту і развіццю дзьмухаўца. Яны падабралі і выпрабавалі склад, які ўключае ў сябе гербіцыд «Магнум», эфектыўны супраць пустазелля, а таксама прэпараты, якія стымулююць рост газонных траў.

Новы прэпарат тэставалі летась на ўчастку праспекта Незалежнасці ад ваеннага гарадка да выезду з горада. Там дзьмухаўцы з газона зніклі, а шматгадовыя злакавыя травы засталіся цэлымі.

Беларускае Радыё Рацыя