У Менску прайшла акцыя пратэсту



3 ліпеня ў афіцыйны Дзень Незалежнасці Мікалай Статкевіч зладзіў на Кастрычніцкай плошчы сталіцы акцыю пратэсту, накіраваную ў тым ліку супраць сумесных вайсковых вучэнняў з Расеяй „Захад-2017”. 

Акцыю падтрымала дзясяткі беларусаў, якія з’ехаліся з розных куткоў Беларусі:

– Я мэтанакіравана не іду на парады, гулянні, а прыйшла на Кастрычніцкую да Мікалая Статкевіча. Буду яго падтрымліваць.

– Дзяржава сама па сабе, я – сам па сабе. Мне, у мае 75 гадоў ужо няма чаго баяцца. Я ўжо адбаяўся. 

– Калі мы яшчэ стаялі каля ГУМа, падыйшоў малады чалавек і сказаў, што могуць затрымліваць удзельнікаў акцыі. Але ж мы прыехалі не для таго, каб стаяць і глядзець на ўсё збоку. Забяруць, дык забяруць. Мы не баімся!

– Мы прыйшлі сюды падтрымаць нашу беларускую апазіцыю. Мы робім добрую справу, бо насамрэч, ужо цяжка гэта ўсё цярпець.  Людзей душаць. Так далей жыць немагчыма.

Да ўдзелу далучылася некалькі соцень чалавек, якія прайшлі па праспекту ад Кастрычніцкай плошчы да Дому ўраду.

Мікалай Статкевіч:

– Я ўдзячны ўсім, маю гонар быць сёння на плошчы. Мы прынялі рашэнне, што забіраем у гэтай банды і гэтае свята, і гэтую дату. Гэта наша гісторыя, гэта нашыя ахвяры, гэта нашыя продкі загінулі ў той вайне! Гэта наша краіна, наша Беларусь! Жыве Беларусь!

У Гомелі не праводзіцца акцыя “За мірную Беларусь”, якую арганізоўвае ў сталіцы Беларускі Нацыянальны Кангрэс. На пратэст у афіцыйны Дзень Незалежнасці заклікаў адзін з лідараў БНК Мікалай Статкевіч. Прадстаўнік Беларускага Нацыянальнага Кангрэса па Гомельшчыне Алесь Яўсеенка гаворыць, што ўсе ахвотныя паўдзельнічаць у акцыі паехалі ў Менск:

– Было такое меркаванне, што тыя, хто можа, мае магчымасць і жаданне, павінны паехаць у Менск, бо ўсе асноўныя мерапрыемствы праводзіліся там. І пратэсныя выступленні планаваліся таксама толькі ў Менску. Па гарадах іншых рэгіёнаў планаў такіх не было на сённяшні дзень.

Адзін з лідараў Беларускага Нацыянальнага Кангрэса Мікалай Статкевіч напярэдадні 3 ліпеня заклікаў грамадзянаў да ўдзелу ў акцыі, якая прайшла ў цэнтры Менску.

Беларускае Радыё Рацыя