У Менску прайшла журналісцкая канферэнцыя



“Перспектывы і выклікі фрыланс-журналістыцы ў Еўропе. Адмысловы фокус на Беларусі” – у Менску адбылася журналісцкая канферэнцыя. Яе арганізавалі грамадскае аб’яднанне “Беларуская асацыяцыя журналістаў”, Міжнародная федэрацыя журналістаў і Еўрапейская федэрацыя журналістаў. На канферэнцыі, акрамя беларускіх журналістаў, прысутнічалі калегі з Вялікабрытаніі, Нямеччыны, Нарвегіі, Швецыі, Італіі , Францыі, Іспаніі, Эстоніі, Украіны ды Расеі. Таксама ў форуме бралі ўдзел прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса, журналісты-фрылансеры, юрысты і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім.

Паводле старшыні ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Андрэя Бастунца, у Беларусі даволі складаныя ўмовы для працы незалежных журналістаў, але найбольш безабароннымі з’яўляюцца журналісты-фрылансеры. Сёлета ў Беларусі зафіксаваны арышты і 50 фактаў асуджэння штрафамі журналістаў-фрылансераў на агульную суму каля 18 000 еўра.

На канферэнцыі мы абмяркоўвалі пытанні і праблемы, з якімі сутыкаюцца журналісты ва ўсім свеце. Шэраг праблем аднолькавы, адзіны для ўсіх краінаў. Але з фокуса менавіта на беларускую сітуацыю сярод тых пытанняў, выклікаў, з якімі сутыкаюцца журналісты-фрылансеры ва ўсім свеце, – гэта іх неабароненасць, адсутнасць гарантаў, у тым ліку сацыяльнай абароненасці. Тут дадаецца яшчэ і прававы пераслед журналістаўфрылансераў.

Падчас канферэнцыі адбылася і прэзентацыя кнігі “Фрыланс у масмедыя”. Яе напісалі ў суаўтарстве шведскія і беларускія калегі. Напрыканцы форума была адзінагалосна прынятая рэзалюцыя з патрабаваннямі да беларускіх уладаў. У ёй удзельнікі канферэнцыі патрабуюць спыніць пераслед журналістаў-фрылансераў, надаць ім статус заканадаўча. А таксама прымяняць на практыцы нормы міжнароднага права, якое дазваляе свабодна выказваць сваё меркаванне і свабодна распаўсюджваць інфармацыю.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтаркі