У Менску прайшло развітанне з Уладзіславам Ахроменкам



У Менску развіталіся з пісьменнікам і супрацоўнікам нашага радыё Уладзіславам Ахроменкам. Жалобная цырымонія адбылася ў касцёле Святога Сымона і Алены (Чырвоны касцёл). У апошні шлях беларускага пісьменніка прыйшлі праводзіць яго калегі-журналісты, паэты, пісьменнікі, палітыкі, праваабаронцы, родныя, блізкія, сябры.

Шмат добрых словаў гучала з іх вуснаў. Але ўсе зазначалі яго дабрыню, прафесіяналізм і нястомную працу на карысць Беларусі:

– Ён вельмі таленавіты пісьменнік, піяніст, яму шмат было дадзена Богам.

– Хацеў бы выказаць спачуванні родным і блізкім, усяму калектыву Беларускага Радыё Рацыя, асабліва ўлічваючы тыя перадачы, якія абсалютна неабходныя беларускай нацыі. Уся наша краіна яшчэ пад прыгнётам тых сілаў, якія здзяйснялі рэпрэсіі супраць беларускай нацыі. Гэта моцны ўдар па ўсёй Беларусі.

Як кажа праграмны дырэктар “Беларускага Радыё Рацыя” Юрка Ляшчынскі, для ўсяго калектыва радыё гэта сапраўды вялікая страта:

– Уладзіслаў быў незаменным. Гаворыцца, што няма людзей незаменных, але ён акурат быў незаменным. Не ведаю, ці каму ўдасца ісці па яго слядах, корпацца ў гэтых архівах КДБ, што ён рабіў, і рабіць такія перадачы. Ён для нас быў майстрам, настаўнікам.

Пахавалі Уладзіслава Ахроменку на Заходніх могілках у Менску, побач з яго бабуляй Марыяй Сазонтаўнай, як ён і хацеў.

Нагадаем, памёр Уладзіслаў ад інфаркту ў Беластоку 9-га лістапада. У пісьменніка засталіся жонка і трое дзяцей.

[Not a valid template]

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя