У Менску прайшоў першы Zero-waste кірмаш



Не пакідаць пасля сябе смецця – актуальная парада ў эпоху пластыкавых пакункаў ды аднаразовых рэчаў. У нядзелю менскі культурны цэнтр Корпус стаў пляцоўкай для жадаючых даведацца больш пра безадкідны лад жыцця.

Там прайшоў першы ў Беларусі кірмаш паводле канцэпцыі zero waste з лекцыямі, майстар-класамі, магчымасцю набыць экалагічныя рэчы, пакаштаваць вегетарыянскія ды фермерскія стравы.

Распавядае адна з арганізатарак Карына Маліноўская:

– У Беларусі ўжо дастаткова многа людзей ведае пра перапрацоўку адпадаў, сартыруюць смецце дома, але ад гэтага смецця менш не становіцца. З’яўляецца ўсё больш аднаразовых тавараў, людзі спажываюць больш, чым раней, колькасць смецця расце, яно нікуды не знікае. Рух „Нуль адпадаў” за тое, каб гэта смецце не з’яўлялася, перадухіляць выкарыстоўваючы шматразовыя рэчы замест аднаразовых.

Арганізатары раяць тым, хто хоча пачаць клапаціцца пра экалогію і будучыню планеты пачаць з невялікіх крокаў – перайсці для пачатку на зручную экаторбу для паходаў у краму замест выкарыстання аднаразовых пакункаў.

Алена Вільтоўская, Беларускае Радыё Рацыя, Менск